Друкаваць гэтую старонку
Серада, 13 Лістапад 2019

Лейтэнанта міліцыі асудзілі на 13 гадоў турмы за распаўсюд наркотыкаў

Ацаніць гэты матэрыял
(4 галасоў)
Падчас паседжаньня Падчас паседжаньня

12 лістапада ў судзе Першамайскага раёну Віцебску скончыўся працэс па “наркатычным” артыкуле 328 КК. Чатырох фігурантаў справы прызналі вінаватымі ў распаўсюдзе наркотыкаў у складзе арганізаванай злачыннай групоўкі. Былы лейтэнант міліцыі Іваноў прысуджаны да 13 гадоў зьняволеньня.

На лаве падсудных апынуліся чацьвёра абвінавачаных, адзін зь якіх – былы міліцыянт са Шклова Максім Іваноў. Паводле матэрыялаў сьледзтва, абвінавачаныя “ўваходзілі ў арганізаваную групу, якой кіравала нявызначаная асоба”. Ад лістапада 2018-га да пачатку лютага 2019 году займаліся купляй, захоўваньнем, перавозкай і распаўсюдам наркатычных сродкаў. Усе чацьвёра былі затрыманыя ў лютым 2019 году. Аднаго з дылераў затрымалі пры перавозцы партыі псыхатропаў коштам каля 8 тыс. даляраў.

Для ключавых фігурантаў справы пракурор прасіў 16 гадоў зьняволеньня.

«Для мяне гэта было як квэст»  

У апошнім слове на судзе Іваноў не прызнаў свой удзел у арганізаванай групоўцы, але пагадзіўся з тым, што ўчыніў злачынства. Былы супрацоўнік МУС зьвярнуў увагу суду на тое, што ягоная злачынная дзейнасьць цягнулася ўсяго адзін-два дні. У сувязі з гэтым прасіў суд прызначыць пакараньне, сувымернае сваёй віне.

«16 гадоў – гэта тое самае, што пахаваць жыўцом», – казаў абвінавачаны.

Яшчэ адзін абвінавачаны Міхаіл Ліпатаў у апошнім слове тлумачыў, што праз недахоп жыцьцёвага досьведу ён не ўсьведамляў усёй небясьпекі і наступстваў сваёй дзейнасьці.

«Для мяне гэта была як гульня, як нейкі квэст, я проста выконваў атрыманае заданьне. Усіх гэтых людзей, якіх абвінавачваюць разам са мной, я ня ведаў і ніколі іх не сустракаў»,  – сказаў Ліпатаў.

Амаль 40 гадоў на чацьвярых

Прысуд 12 лістапада ў судзе Першамайскага раёну Віцебску абвясьціла судзьдзя Тацяна Родзіна.

Максім Іваноў прызнаны вінаватым у незаконным набыцьці, захоўваньні і перавозцы асабліва небясьпечных псыхатропных рэчываў у складзе арганізаванай злачыннай групоўкі (ч. 4, арт. 328 КК). Суд пакараў яго пазбаўленьнем волі на 13 гадоў, пазбавіў таксама званьня старэйшага лейтэнанта міліцыі.

На такі самы тэрмін – 13 гадоў зьняволеньня – прысуджаны яшчэ адзін фігурант справы Дзяніс Пазыніч.  Міхаіл Ліпатаў атрымаў 10 гадоў турмы.

Чацьвёрты падсудны – 26-гадовы Андрэй Міначкін – абвінавачваўся па ч.1 і ч.3 арт. 328 і атрымаў 3 гады пазбаўленьня волі. Згодна з законам “Аб амністыі” яму скасавалі 1 год і прызначылі канчатковае пакараньне ў выглядзе пазбаўленьня волі на 2 гады ў папраўчай калёніі агульнага рэжыму ва ўмовах пасяленьня. У зале суду Міначкін быў узяты пад варту.

Прысуд не набыў законнай моцы і можа быць абскарджаны.

С. Горкі

 

Камэнтуйце гэтую навіну на нашай старонцы ў facebook!

Чытайце таксама навіны “Віцебскай Вясны” ў Telegram.