Друкаваць гэтую старонку
Серада, 18 Лістапад 2015

Былы рабочы ААТ «Полацак-Шкловалакно» не пераканаў судзьдзяў абласнога суду (відэа)

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)

Віцебскі абласны суд пацьвердзіў рашэньне Полацкага суду, які раней адмовіўся разглядаць па сутнасьці пытаньне наконт дыскрымінацыі рабочых. 16 лістапада судовай калегіі хапіла дзесяці хвілін, каб адмовіць у задавальненьні скаргі былому рабочаму заводу «Полацак-Шкловалакно» Віктару Стукаву, які патрабаваў разгледзець у судзе факт дыскрымінацыі з-за яго ўдзелу ў свабодным прафсаюзе.

Распавядае Віктар Стукаў: «Паседжаньне судовай калегіі зусім не было падобнае да суду. У мяне склалася ўражаньне, што трое судзьдзяў купілі квіткі на курорт з вылетам праз гадзіну і вельмі сьпяшаліся скончыць суд, каб не спазьніцца на лятак. Мне нават не далі час заявіць усе хадайніцтвы, якія я падрыхтаваў у пісьмовым выглядзе».

А падрыхтаваў ён сем дакумэнтаў для суду:
– два дадаткі да прыватнай скаргі з аргумэнтамі, чаму менавіта суд павінен разгледзець пытаньне пра дыскрымінацыю рабочых;
– ліст Свабоднага прафсаюзу пра парушэньне наймальнікам Указу прэзыдэнта па сацыяльным партнэрстве;
– чатыры хадайніцтвы – аб правядзеньні відэаздымак; аб прыватным вызначэньні суду па парушэньнях наймальніка; аб далучэньні да справы адказу наймальніка пра немагчымасьць зь яго боку прызнаць факт дыскрымінацыі; аб удакладненьні сьпісу арганізацыяў, якіх суд абавязвае разгледзець факт дыскрымінацыі работніка.

«Пасьля заяўленага мной хадайніцтва пра далучэньне да матэрыялаў справы шостага дакумэнту судзьдзі вельмі хутка рушылі ў дарадчы пакой, можна сказаць, уцяклі для прыняцьця рашэньня, фактычна не разгледзеўшы ніводнага майго хадайніцтва», – завяршыў свой аповед пра судовае пасяджэньне Віктар Стукаў.

Калі паводзіны судзьдзяў падаліся вельмі дзіўнымі, то рашэньне, якое яны прынялі, адгадвалася загадзя. Таму ў Віктара ўжо была гатовая скарга на імя старшыні Віцебскага абласнога суду аб прынясеньні пратэсту ў парадку нагляду. Гэтая скарга была дапоўненая фактамі непрыстойных, на думку скаржніка, паводзін судзьдзяў. Таксама ён прыклаў да яе дакумэнты, якія не пасьпеў перадаць на разгляд калегіі судзьдзяў. Наглядная скарга тут жа была зарэгістраваная і павінна быць разгледжаная цягам месяца.

«Гэтая справа мае важнае грамадзкае значэньне і тычыцца мноства рабочых у Беларусі, – кажа Віктар Стукаў, – таму дакумэнты для судоў рыхтуюцца з разьлікам на тое, каб пасьля праходжаньня ўсіх судовых інстанцыяў унутры краіны падаць скаргу ў Камітэт па правох чалавека (КПЧ) пры ААН. Артыкул 61 Канстытуцыі дае магчымасьць кожнаму зьвярнуцца ў КПЧ для абароны сваіх правоў, калі вычарпаныя ўсе сродкі прававой абароны, што маюцца ўнутры краіны».

Аляксандар Марозаў, Віцебская вясна