Друкаваць гэтую старонку
Нядзеля, 22 Чэрвень 2014

Большасьць крадзяжоў на сельгаспрадпрыемствах Віцебшчыны зьдзяйсьняюцца самімі работнікамі

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Гэткія вынікі праведзенай міліцыяй вобласьці праверкі аб’ектаў АПК падчас вясновай пасяўной кампаніі. Паводле слоў часова выконваючага абавязкі начальніка ўпраўленьня аховы правапарадку і прафіляктыкі УУС аблвыканкаму Ўладзімера Пранько, органамі ўнутраных спраў Віцебскай вобласьці сумесна з зацікаўленымі службовымі асобамі суб’ектаў гаспадараньня праведзена больш за 1000 рэйдавых мерапрыемстваў.

Згаданыя мерапрыемствы збольшага былі накіраваныя на прадухіленьне крадзяжоў, але таксама тычыліся захаваньня дысцыпліны на працоўных месцах, паколькі ад гэтага чыньніку наўпрост залежыць захаванасьць маёмасьці. Вынікі ня надта суцяшальныя: у сельгасарганізацыі ўнесена 396 прадстаўленьняў аб ліквідацыі прычын і ўмоў, якія спрыяюць учыненьню злачынстваў. Зь іх 66 - у гаспадаркі Дубровенскага раёну, 43 - Талачынскага і 37 - Пастаўскага. Разам з тым супрацоўнікамі Расонскага РАУС ўнесена ўсяго 4 прадпісаньні, а Лепельскага - 5.

Дарэчы, Талачынскі раён адзначыўся ня ў лепшым пляне і падчас начных праверак (усяго іх было больш за 1,5 тыс.). У гэтым рэгіёне выяўлена 19 фактаў адсутнасьці вартаўніка на працоўным месцы, крыху менш, па 12, - у Бешанковіцкім і Чашніцкім. Усяго па вобласьці ў 102 выпадках вартаўнікі не выконвалі свае прамыя абавязкі. Таксама складзены 51 пратакол за знаходжаньне іх на працоўным месцы ў стане алькагольнага ап’яненьня.

Апроч таго, па выніках мэтавага маніторынгу 15 работнікаў сельгасарганізацыяў і льноперапрацоўчых прадпрыемстваў Прыдзьвіньня аказаліся п’янымі на працоўных месцах.

Дзякуючы выстаўленым пастам схаванага назіраньня ўдалося прадухіліць некалькі фактаў крадзяжу гаруча-змазачных матэрыялаў, мінэральных угнаеньняў, збожжавага і пасадачнага матэрыялу. Складзена 47 адміністрацыйных пратаколаў (памеры крадзяжоў былі невялікімі). Але галоўнае тое, што ў 41 выпадку парушальнікамі зьяўляліся самі работнікі арганізацый АПК. Больш за ўсё пратаколаў складзена ў Сеньненскім (9) і Талачынскім (7) раёнах.

У апошнім сыстэматычна зьдзяйсьняюцца крадзяжы дызэльнага паліва і іншых матэрыяльных каштоўнасьцяў, а таксама выяўлена нямала фактаў нізкай дысцыпліны і эфэктыўнасьці працы вартавой аховы. Таму УУС аблвыканкаму накіравала ліст кіраўніцтву раёну з прапановай разгледзець прычыны сытуацыі, якая склалася, і аб прынятых мерах праінфармаваць міліцыю і пракуратуру вобласьці.

Таксама за час праверак узбуджана 7 крымінальных спраў па фактах крадзяжоў матэрыяльных каштоўнасьцяў.

Паводле слоў Ўладзімера Пранько, прафіляктычныя і рэйдавыя мерапрыемствы працягваюцца, уся інфармацыя па іх выніках накіроўваецца старшыню камітэту па сельскай гаспадарцы і харчаваньні аблвыканкаму Сяргею Догелю. А па выніках 6 месяцаў будзе перададзеная намесьніку старшыні аблвыканкаму Эдуарду Дзям’янаву.

Крыніца: Витебские вести