Друкаваць гэтую старонку
Чацвер, 19 Лістапад 2026

Віцебская міліцыя наладзіла супрацоўніцтва з царквой: “падуліковых” грамадзян паслалі бясплатна прыбіраць царкоўны падворак.

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Мы ўжо шматкроць пісалі пра тое, як райаддзелы Віцебскай вобласці выкарыстоўваюць бясплатную працу тых, хто стаіць на ўліку ў крымінальна-выканаўчай інспекцыі. У міліцыянтаў гэта называецца заахвочваннем да сацыяльнай адказнасці і працаўладкавання, бо на такія “суботнікі”, як правіла, накіроўваюць беспрацоўных - "падуліковых" КВІ.

Звычайна іх змушаюць прыбіраць вуліцы і паркі. Мы заўважылі і выпадакі, калі асобаў, якія стаяць а ўліку ў КВІ, накіравалі разбіраць закінутыя фермы ў Віцебскім раёне, а ў Мёрах такіх асобаў паслалі прыводзіць райцэнтр у парадак перад "Дажынкамі"...

А вось у Кастрычніцкім РАУС Віцебска прыдумалі чарговую “навінку”: “падуліковых” грамадзян накіравалі добраўпарадкаваць тэрыторыю царквы Раства Хрыстова. А потым “працоўны дэсант” быў запрошаны непасрэдна ў храм на лекцыю пра тое, што “любая праца, зробленая з чыстым сэрцам, ёсць пачаткам выпраўлення”.

“Віцебская вясна” неаднаразова звяртала ўвагу на тое, што звычайна міліцыя выпраўляе людзей на прыборку “дзеля блага роднага горада”, не забяспечыўшы самым элементарным сродкам аховы працы – пальчаткамі ці рукавіцамі. Гэтым разам пальчаткі далі, нават новыя! Але пакуль не ясна: гэта нас нарэшце пачулі міліцыянты або ў царкве праявілі больш спагады да тых, каго “ставяць на шлях выпраўлення”.

Нагадаем, адмовіцца ад такой "добраахвотнай працы" нельга: яна лічыцца часткай "прафілактычных мерапрыемстваў". За ўхіленне ад іх наступае адказнасць паводле арт. 24.3 КаАП – як за непадпарадкаванне патрабаванням супрацоўнікаў міліцыі. І за гэта чакае пакаранне – ад штрафа да прымусовых прац і нават арышту.

Юлія Букіна

Галерэя выяваў