На пасаду рэдактара газеты «Сцяг перамогі» Алену Коласаву прызначылі год таму. У лістападзе 2025-га яна пісала ў сацетках, што ў райцэнтры ёй далі новую кватэру. Да таго дзяўчына 5 гадоў адпрацавала карэспандэнтам у абласной газеце і не мела рэдактарскага стажу, хаця такое патрабаванне да кіраўнікоў рэдакцыі існуе. Зрэшты, яго праігнаравалі і з нядаўнім прызначэннем былога ідэолага Святаслава Міхайлава на пасаду рэдактара газеты «Витебские вести».
Увогуле ж Алена Коласава – тыповая прадстаўніца пакалення, якое ўступіла ў свядомы ўзрост у 2010-х, і для каго, як сцвярджаюць сучасныя ідэолагі, “сапраўдная гісторыя Беларусі” пачалася з першых выбараў Аляксандра Лукашэнкі. Яна нарадзілася ў 1997-м і выхоўвалася на падручніках, з якіх выціснулі звесткі пра тое, што бел-чырвона-белы сцяг быў дзяржаўным, і беларуская мова мела ўсе шанцы застацца асноўнай для СМІ, а не адсунутай ўбок па палітычных прычынах.
Сяргей Матольскі