Друкаваць гэтую старонку
Аўторак, 27 Кастрычнік 2026

Як “Аршанская газета” прысвоіла сабе чужую ініцыятыву і робіць з гэтага рэкламу

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Аршанскі хлебзавод пачаў вырабляць торт з назвай “Оршанка.бай”. У мясцовай “Аршанскай газеце” заяўляюць, што гэта ўласны “імянны” торт выдання. Пэўныя падставы для гэтага ёсць: orshanka.by – насамрэч ідэнтыфікатар сайта “раёнкі”. Аднак на  хлебзаводзе  не пацвярджаюць таго, што торт выпусцілі ў гонар газеты.  

Наадварот: у  прамацыйным відэароліку выразна гаворыцца, што новы торт – “гэта не пра навіны, а пра любоў да роднага горада і яго жыхароў”.

Але рэдакцыю гэта аніяк не стрымлівае ад выказванняў пра “наш салодкі брэнд” і сцверджанняў пра нейкі вытворчы бартэр – маўляў, “работнікі хлебзавода неаднаразова былі героямі нашых публікацый, а цяпер ствараюць  салодкі прадукт з назвай “Оршанка.бай”.

І нават больш: за кошт вытворцаў “Аршанская газета” спрабуе стварыць сабе рэкламу: піша, што новы торт так ж самы “смачны, сакавіты і апетытны, як наш кантэнт, які з задавальненнем спажываюць падпісчыкі”.

Праўда, апошнія хваляць хіба што натуральны склад інгрыдыентаў чарговай распрацоўкі ад хлебакамбіната, але ніяк не заідэалагізаваны ад першага да апошняга слова кантэнт “раёнкі”.

Руслан Мамедаў