Друкаваць гэтую старонку
Аўторак, 20 Кастрычнік 2026

На Віцебшчыне спрабуюць стымуляваць падпіску на дзяржСМІ “пакетным” спосабам

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Жыхароў Гарадоцкага і Шаркаўшчынскага раёна агітуюць падпісвацца на “пакет” з двух выданняў, у які ўваходзіць абласная газета «Витебские вести» і  “раёнка” – адпаведна, “Гарадоцкі веснік” або “Кліч Радзімы”. Стымулам для “пакетнай” падпіскі павінна стаць латэрэя з агульным прызавым фондам 1 799 руб. 29 кап. Розыгрыш будзе праведзены ў студзені 2027 года, а ўдзельнічаць у латэрэі змогуць падпісчыкі абласной газеты і тыя, хто падпісаўся на “пакет” дзержвыданняў на першае паўгоддзя наступнага года. Прычым сярод “пакетных” падпісчыкаў будуць разыграныя  два асобныя прызы.

Гэта  “разумныя гадзіннікі” Xiaomi Redmi Watch 5 Active чорнага і срабрыстага колеру коштам па  128 руб.20 кап. Гэта адзін з самых дарагіх прызоў, даражэй толькі калонка Яндекс Станция Лайт 2 за 238 рублёў і робат-мыйшчык вокнаў за амаль 186 рублёў. Самы танны лот – напольныя вагі ( 27 руб.14 кап.)

Пры гэтым паўгадавая падпіска на абласную газету «Витебские вести» і “Гарадоцкі веснік”  каштуе 126 рублёў – практычна як той «разумны гадзіннік», які можа прапануецца выйграць у латэрэю. Для жыхароў ці не самага беднага ў Беларусі Шаркаўшчынскага раёна камплект з “раёнкай” будзе каштаваць меней – каля 90 рублёў.

Самае смешнае, што мясцовыя навіны можна чытаць у інтэрнэце практычна бясплатна – на сайце гэтых выданняў. А калі захочацца ўбачыць іх “як у газеце”, то PDF-версія «раёнкі» на 6 месяцаў будзе каштоваць усяго 33 рублі. Толькі ўсё менш ахвотных чытаць “прылізаную” інфармацыю, дзе спрэс – усхваленне дзейнасці дзяржаўных органаў,  і амаль няма звестак пра рэальную сітуацыю ў рэгіёне. Таму і праводзяць латэрэі з розыграшамі гадзіннікаў, прасоў і электрачайнікаў.

Галіна Рыбакова