Друкаваць гэтую старонку
Пятніца, 24 Кастрычнік 2014

Віцебскія могілкі ператварыліся ў месца для выпівохаў

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Могілкі пад назовам «Клінічныя» месьцяцца калі ня ў самым цэнтры Віцебску, то, прынамсі, не на ўскраіне. Побач Віцебскі тэхналягічны ўнівэрсытэт, некалькі школ і да адміністрацыі Кастрычніцкага раёну адзін тралейбусны прыпынак. Тым ня менш старыя могілкі, дзе ўжо даўно не хаваюць, знаходзяцца ў жахлівым стане. Зладзіць тут прыбіраньне вырашылі віцебскія прыхільнікі стварэньня партыі БХД.

Цяжка паверыць, але гэтыя маленькія могілкі з вывернутымі крыжамі месьцяцца за паўсотні крокаў ад вуліцы Праўды — адной з цэнтральных у Віцебску. Іх аддзяляюць ад «гарадзкой цывілізацыі» ўсяго толькі шэрагі гаражоў, а ўражаньне такое, што слова «цывілізацыя» тут зусім недарэчы.

Каля трох дзясяткаў крыжоў, месцамі пагнутых і паламаных, некалькі надмагільных пліт, якія практычна ўрасьлі ў зямлю, але нічым не адзначаных магіл — у некалькі разоў болей. Ад іх засталіся толькі капцы-грудкí. Але жыхары найбліжэйшых вуліц — 3-й і 4-й Клінічных — даўно ўжо прызвычаіліся да такога суседзтва: паколькі плоту тут няма, яны не абыходзяць могілкі, а зразаюць шлях наўпрост па сьцежцы, пракладзенай паміж магіламі і паваленымі крыжамі.

Месца апошняга спачыну віцяблян ператварылася ў прыстанак асобаў бяз пэўнага месца жыхарства ды аматараў алькаголю. Таму тут вельмі шмат сьмецьця, хаця на адным з дрэваў і прымацаваная шыльда з пагрозаю пакараньня за гэткія дзеяньні. Жалобнае месца ператварылася ў непрыстойнае, лічыць Тацьцяна Севярынец, каардынатарка аргкамітэту па стварэньні партыі БХД. Яна і склікала гэты суботнік па добраўпарадкаваньні могілак:

«Месца пахаваньня ня мусіць быць у такім жудасным стане, як яно ёсьць. І гэта побач зь людзьмі, зь іхнымі гаражамі, куды людзі прыяжджаюць на сваіх шыкоўных машынах… Я прыйшла сюды, бачу: стаяць два мужчыны. Думала, яны дапамагчы прыйшлі. Але ў іх ні мяцёлкі, ні грабляў, затое дасталі бутэльку… Нашыя хлопцы вунь цэлыя мяхі бутэлек адсюль павыносілі!»

На заклік Тацьцяны Севярынец адгукнуліся пяцёра чалавек. Няшмат, але разам згрэблі лісьце, прыбралі сьмецьце і абламаныя галіны бярозак, што растуць на могілках. Жыхары хат, што побач, — а вакол могілак прыватны сэктар — далучыцца да прыбіраньня не пажадалі, хаця спадарыня Тацьцяна іх і запрашала:

«Я дзіўлюся: колькі гадзінаў мы тут завіхаліся, а ніхто не далучыўся, не дапамог. Адзін мясцовы спытаўся, хто мы і адкуль, ды адразу заявіў: „А вы ведаеце, колькі ў маёй жонкі заробак? Мільён дзевяцьсот!“ А прычым тут заробак… Ды няхай, як ёсьць так і ёсьць, галоўнае, што прыбралі трохі».

Пагутарыўшы з жыхарамі навакольных хат, давялося высьветліць нечаканае: яны ня вераць, што людзі прыйшлі прыбіраць могілкі не «па разнарадцы» і не на загад кіраўніцтва, а з уласнай волі. Мясцовая жыхарка Вольга Мікітаўна лічыць могілкі месцам небясьпечным:

«Я іншы раз іду вечарам, дык і страшна — тут розныя людзі зьбіраюцца, выпіваюць. Міліцыя тут ня ходзіць. А вось гэтыя, што прыбіраюць — іх, напэўна, на працы прымусілі… А тутэйшыя „бамжы“ хіба чагосьці баяцца? Яны, напэўна, хутка і крыжы апошнія выкапаюць ды здадуць на мэталалом. Калі ўжо агароджы паздымалі на могілках… А ўладам нашым — хіба нешта трэба?»

Некалькі мужчын яўна нецьвярозага выгляду назіраюць за прыбіраньнем ад невялікага шапіка — пункту збору другаснай сыравіны. Да слова, ні крыжы, ні штосьці падобнае ў складзеным наўзбоч мэталаломе не відаць.

Мужчыны няпэўнага веку называюць сябе Сашам і Мішам. Саша тлумачыць, што могілкі зьбіраліся зносіць, і ўсім ахвотным прапанавалі перахаваць сваіх сваякоў у іншыя месцы:

«Калі мне было гадоў 12, казалі, што зьнясуць увесь пасёлак. Людзі сваякоў перахавалі, хто мог. А нічога так і ня зьнесьлі. Хто хацеў, сваіх перахаваў, а цяпер няма каму. Вунь толькі скрайку адна магілка, яе нібыта нехта яшчэ даглядае».

Да гаворкі далучаецца і работніца прыёмнага пункту:

«Тут наглядчык ёсьць на гэтых могілках. Часам прыяжджае, траву косіць, нешта прыбірае. Яны былі абгароджаныя, толькі плот пачалі ламаць, каб у печках паліць. І яго зьнесьлі. А больш — хто будзе гэтымі могілкамі займацца? Каб яны яшчэ бліжэй да вуліцы былі… Летась прыяжджала нейкае начальства, з гарвыканкаму ці аблвыканкаму, паглядзелі, загадалі гаражы зьнесьці. Зьнесьлі гаражы. І усё!»

«Клінічныя» могілкі маюць статус закансэрваваных. Нават не зачыненых, дзе пахаваньні магчымыя, калі ёсьць вольнае месца каля магіл сваякоў. Такіх закансэрваваных могілак у Віцебску тры, і на усіх фіксуюцца выпадкі вандалізму. Улетку такое адбылося на «Яроменскіх» могілках, дзе падлеткі пашкодзілі некалькі помнікаў. Адмысловай аховы на такіх могілках няма, і міліцыя прыяжджае сюды хіба толькі па выкліку.

Крыніца: Радыё Свабода