І менавіта на ёй быў малюнак, зроблены аршанскім мастаком Дзмітрыем Талкачовым. Потым яго схавалі пад тэрмашубай, і факт знікнення ў горадзе цікавосткі, якую любілі і мясцовыя, і турысты, вельмі абурыў грамадскасць. Дарэчы, спонсарам стварэння мурала ў 2020-м годзе быў мецэнат Андрэй Балабін, які ў верасні 2018 года выкупіў аршанскую хату Караткевічаў на той самай вуліцы, якая цяпер носіць ягонае імя. Там планавалі стварыць філіял музею ці іншую культурніцкую ўстанову, але і гэтая ініцыятыва цяпер аніяк не згадваецца.
Цяпер на той самай сцяне зноў будзе мурал з Караткевічам. Да 96-х угодкаў пісьменніка ( 26 лістапада) яго абяцае скончыць мастачка Любоў Рабека, якая супрацоўнічае з творчым аб’яднаннем “Shakola art”. У гэтым мастацкім жанры яна працуе толькі другі год.
Партрэт Уладзіміра Караткевіча будзе каляровым і на фоне прыроды. Раней на мурале, апрача партрэта, былі малюнкі самога пісьменніка і цытаты з ягоных твораў. Радок “Быў.Ёсць.Буду.” вырашана пакінуць.
Юрка Стог