Друкаваць гэтую старонку
Чацвер, 17 Верасень 2026

Пастаўская “раёнка” расказала пра “гаротнае жыццё” да 1939г. А калі параўнаць з цяперашнім?

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Да Дня народнага адзінства газета “Пастаўскі край”падрыхтавала “страшылку” пра побыт мясцовых жыхароў “пры польскіх панах”, сабраўшы тагачасную статыстыку. Але  як яна выглядае ў параўнанні з сучаснай, у рэдакцыі не падумалі. А мы – параўнаем)

У канцы 1930-х гадоў на тэрыторыі сучаснага Пастаўскага раёна было 35 тысяч жыхароў, а за 1940-го насельніцтва павялічылася да 53 тысяч жыхароў, піша газета. Увага: зараз насельніцтва  Пастаўшчыны - 30 360 чалавек.

Паводле аўтараў артыкула “Возвращение домой: хроника воссоединения Поставщины (1939–1941)”, сяляне Пастаўскага краю “ютились на клочках в 5-10 гектаров”. У сучаснай Беларусі максімум, які можна займець для вядзення гаспадаркі, - 4 га.

“Раёнка” піша, што “пры Польшчы” ў Паставах працавала гімназія, і яшчэ “некалькі дзесяткаў пачатковых школ” у ваколіцах. Зараз у Пастаўскім раёне працуе па-ранейшаму адна гімназія і 11 школ, з якіх 2-базавыя.

Што да прамысловасці, то да 1939г. тут было 16 прамысловых прадпрыемстваў. Зараз – 8, і то з улікам службы ЖКГ.  

У 1940-м годзе, паводле газеты, “появилось 20 сельских Советов, а количество сельских населённых пунктов увеличилось до 600”. На сённяшні дзень у Пастаўскім раёне засталося 8 сельсаветаў, а колькасць населеных пунктаў – усяго 470.

Чытачоў “раёнкі” хочуць пераканаць у тым, што з прыходам Савецкай улады на Пастаўшчыне пачаўся сапраўдны росквіт, які стаў падмуркам і цяперашняга “заможнага” жыцця. Аднак лічбы заўжды больш красамоўныя за прапагандысцкія штампы.  

Алег Асіноўскі