Друкаваць гэтую старонку
Панядзелак, 31 Жнівень 2026

Пра “беглых” – больш ні слова: Ідэалагічныя праекты віцебскіх дзяржСМІ пераарыентаваліся

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Яшчэ некалькі месяцаў таму журналісты і рэдактары дзяржвыданняў Віцебшчыны шчыравалі над тым, як у самым негатыўным святле выставіць вымушаных палітэмігрантаў, у тым ліку прадстаўнікоў апазіцыйных структур. Цяпер рыторыка змянілася: “работнікі ідэалагічнага фронту” засяродзіліся на матэрыялах пра замежныя краіны” і асуджэнні іх палітыкі.

Згадаць хіба, як зусім нядаўна “беглых” крытыкаваў  Святаслаў Міхайлаў, аглядальнік газеты «Витебские вести», у сваім відэаблогу «Вести не молчат». Але зараз тэмы ягоных відэаролікаў ужо не закранаюць тых, хто быў вымушаны з’ехаць з Беларусі.  “ Зачем глава ЦРУ прилетел в Москву? / США экстренно остановили удары Киева!”,  “ Европа ставит жесткий ультиматум! Куда исчезли миллионы из бюджета?”,  “Водный апокалипсис Европы и фашизм в Германии/Зеленского в Белграде спросили об убийствах” – так гучаць назвы яго апошніх відэаролікаў.

Падобным чынам “пераарыентаваліся” і іншыя ідэалагічныя праекты, такія як «Другими словами» у «Витебских вестях», “Выводы делайте сами» у гарадской газеце «Витьбичи», «Анализируя факты» у “Гарадоцкім весніку”, змянілася і рыторыка глыбоцкага прапагандыста Андрэя Панкрата.  Усе яны засяродзіліся на крытыцы найбліжэйшых заходніх краін і  параўнаннях з “заможным” жыццём у Беларусі,  раптам “забыўшыся” на тых, хто яе пакінуў.

Такая змена аб’ектаў увагі прапагандыстаў сведчыць перадусім пра несамастойнасць выбару тэматыкі. А таксама і пра тое, што пра вызначэнне «беглыя» стала некарэктным, бо дзясяткі беларускіх грамадзян – былых палітзняволеных – былі гвалтам вывезены за межы краіны.  

Вольга Носава