Друкаваць гэтую старонку
Чацвер, 20 Жнівень 2026

Віцебская пракуратура заўважыла парушэнні ў аплаце працы студэнцкага атрада, арганізаванага БРСМ

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Пракурорская праверка паказала, што прадстаўнікі арганізацыі, дзе з 10 па 23 ліпеня працавала моладзь, давялі да навучэнцаў недаставерную інфармацыю наконт пагадзінавай аплаты працы. Тым часам у дамове было ўказана, што аплачаны будзе аб’ём фактычна выкананых прац – “пагадзінавая стаўка” не згадвалася.  

Але “системы учета выполненных объемов работ и четкий порядок их оплаты фактически отсутствовали. Это привело к необоснованно разрозненному подходу руководства организации при выплате вознаграждений несовершеннолетним”, -паведаміла служба інфармацыі пракуратуры Віцебскай вобласці.

Пракуратура не называе канкрэтную арганізацыю. Але сітуацыя, апісаная ў гэтым паведамленні, вельмі нагадвае гісторыю са школьнікамі, якія працавалі ў Аршанскім лясгасе і якім нечакана мала заплацілі пасля абяцанняў вялікіх заробкаў. Студатрад у Оршы таксама фарміраваўся пад кіраўніцтвам БРСМ, нязначна адрозніваецца толькі колькасць юных працаўнікоў і тэрміны працы. “Аршанская газета”, распавядаючы пра інцыдэнт, пісала, што школьнікі працавалі з 8 па 26 ліпеня. І сцвярджала, што падлеткі “няправільна зразумелі” абяцанне вялікіх заробкаў.

Выглядае, што такіх прадпрыемстваў, якія скарысталіся працай моладзі, “нахімічыўшы” з заробкамі, ужо прынамсі два. Ці наказалі адказных за згаданыя парушэнні, не паведамляецца.

Міраслава Турчына