Друкаваць гэтую старонку
Аўторак, 14 Ліпень 2026

Сілавікі правялі ператрус у мінскай кватэры Ігара Станкевіча, вядомага даследчыка сталінскіх рэпрэсій.

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Пра ператрус ён даведаўся ад сваёй былой жонкі, з якой ён у разводзе ўжо 18 год. З яе тэлефона  да Станкевіча патэлефанаваў невядомы, які вырашыў паразмаўляць з грамадскім актывістам, які зараз знаходзіцца ў вымушанай эміграцыі. Але на патрабаванне Ігара Станкевіча ён не назваў сябе, толькі выказаў меркаванне, што даследчык "вярбуе сабе людзей, каб атрымліваць пад гэта гранты". Што мелася на ўвазе, невядомы не ўдакладніў і прычыну ператрусу не патлумачыў.

Як адзначае сам Ігар Станкевіч, ягоныя блізкія ўвесь час адчуваюць ціск з боку сілавікоў: у кагосьці з родных бралі аналіз ДНК, у кагосьці перыядычна праводзяць ператрусы і распытваюць, чым і дзе займаецца іх сваяк.

Ігар Станкевіч мусіў выехаць з Беларусі ў Польшчу пад пагрозай палітычнага пераследу, сацыяльныя сеткі ягонай ініцыятывы "Кабылякі. Расстраляныя ў Оршы" прызнаны "экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыяй", імя і прозвішча даследчыка ўнесена ў агульную базу вышуку на тэрыторыі Беларусі і Расіі.

Мікалай Яршоў