Суботнік у Шаркоўшчыне прайшоў 27 чэрвеня. Напярэдадні быў абвешчаны арагжавы ўзровень небяспекі з прычыны анамальнай спекі. Адзінае, што зрабілі арганізатары, - гэта абвясцілі пачатак “добраахвотнай працы” раней, пакуль сонца яшчэ не паліла ў поўную сілу. “Летний зной совсем не стал помехой для хорошего настроения, бодрого духа и нашего общего дела”, - аптымістычна сцвердзіла раённая газета.
Згодна з міжнароднымі стандартамі і нацыянальным заканадаўствам, кожны чалавек мае права на ўмовы працы, якія адпавядаюць патрабаванням бяспекі і гігіены. Фізічная праца на гарачыні без належнага рэгулявання часу адпачынку і наладжанага пітнога рэжыму з'яўляецца парушэннем гэтых норм. Арганізацыя суботнікаў ў такіх умовах - гэта ўжо не праява клопату пра чысціню тэрыторыі, а сур'ёзная пагроза для жыцця і здароўя людзей.
Падтак званыя суботнікі маскіруюць звычайную прымусовую працу, калі людзі мусяць выконваць не адпаведныя сваёй прафесіі працы, бо з навядзеннем парадку не спраўляюцца камунальныя службы. Мінулы раз у Шаркоўшчыне суботнік праводзілі ў сакавіку, і ў райцэнтры гэта традыцыйная з'ява: участкі тэрыторыі, дзе патрабуецца добраўпарадкаванне, там даўно замацаваны за арганізацыямі і ўстановамі.
Марына Пятрэнка