На сайце гандлёвай пляцоўкі «Белюрзабеспячэнне» пазначана, што ўласнікам будынка з’яўляецца Таварыства з абмежаванай адказнасцю "СК-ЕвроИнвест". Гэта віцебская будаўнічая кампанія, якая ў 2015 годзе набыла ахітэктурны помнік больш як за 4, 6 мільярды рублёў, заабавязаўшыся рэканструяваць яго пад гатэль. З тае пары будынак так і застаўся ў стане поўнага заняпаду.
Першы аўкцыён па продажы будынка не адбыўся з прычыны адсутнасці пакупнікоў. Другі і трэці таксама не адбыліся, хаця кошт нерухомасці паступова зніжалі. Цяпер ён зніжаны больш як у два з паловай разы.
Незвычайнае архітэктурнае аблічча гэтага дома заўсёды прыцягвала ўвагу віцяблян і гасцей горада. Меркавана, ён быў узведзены ў 1910-х гадах, найверагодней, яго праект праект быў створаны вядомым віцебскім архітэктарам Ціханам Кібардзіным. У 1950-я там адбыўся першы і апошні капітальны рамонт. Дом паступова гібеў і ўрэшце быў прызнаны аварыйным, у 2010-11 гг. адсюль выселілі апошніх жыхароў.
Колішняя прапанова зрабіць у будынку гатэль застаецца абавязковай умовай для патэнцыйных пакупнікоў. Што да ранейшага ўладальніка, то ТАА "СК-ЕвроИнвест" мае вялікія фінансавыя складанасці, і дом №28 на вул. Камсамольскай – не адзіная арыштаваная маёмасць таварыства. Так, дагэтуль не прададзена прыбудова да яго – будынак №26 па той самай вуліцы Камсамольскай. Як арыштаваная маёмасць на пляцоўцы «Белюрзабеспячэнне» пазначаны і яшчэ два гісторыка-культурных помніка – дамы №10 і №12 па вул. Дзімітрава, які ўваходзіць у гістарычную забудову гэтай вуліцы (канец ХІХ ст.) . Там планавалася зрабіць апартаменты і кавярню.
Віталь Агняцоў