Нагадаем, да 100-х угодкаў у Мінску з’явілася скульптура “Гарадавога”. Менавіта з ёй звязана некалькі прыкрых і амаль анекдатычных сітуацый, бо вялікай сімпатыі да міліцыянтаў у беларусаў няма, калі не сказаць горш. У 2018 г. прэс-служба МУС апублікавала відэаролік, на якім падлетак жартам дае аплявуху скульптуры. Хлопца затрымалі, склалі на яго адміністрацыйны пратакол за дробнае хуліганства і прымусілі на камеру прасіць прабачэння ў помніка. У 2017 г. актывіст Вячаслаў Касінераў у знак пратэсту супраць міліцэйскага бязмежжа, праследавання актывістаў і журналістаў накінуў пятлю на шыю скульптуры. Суд прызнаў Касінерава вінаватым у хуліганстве і аштрафаваў на 105 рублёў.
Што да Віцебска, то гарадскія скульптуры рознага памеру, фасону і рознай ступені густоўнасці ўжо даўно апанавалі горад. Тут ёсць скульптуры аграменнай Залатой рыбкі і Клоуна, бабулі - прадавачкі кветак і чалавека-велікана Фёдара Махнова... Цяпер запачаткавана завядзёнка ставіць міні-скульптуры Валошнікаў - на ўзор Уроцлаўскіх гномаў. І ўсё гэта - у самым цэнтры горада. Таму крыху цешыць, што помнік міліцыянту апынецца не ў самым людным месцы, і бачыць яго штодня будуць пераважна сучасныя калегі.
Барыс Батураў