Друкаваць гэтую старонку
Серада, 15 Красавік 2026

Мерапрыемства, прыдуманае дэпутатам Палаты прадстаўнікоў, абвясцілі “стратэгічным” для Дубровенскага раёна

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Гаворка пра  іпрэзу "Талака Фэст", якую прыдумаў дэпутат Палаты прадстаўнікоў Уладзімір Бабічаў. Ен ужо два гады прыводзіцца на ягонай малой радзіме – у аграгарадку Сваташыцы. Аграгарадок мае ўсе прыкметы сучаснага заняпаду сельскіх населеных пунктаў:  закрытая школа, дэмаграфічны спад ( усяго каля 200 жыхароў) і поўная адсутнасць перспектыў. Але вяскоўцаў старанна  пераконваюць  у тым, што жыццё тут  квітнее. У тым ліку наданнем новага статусу – “Фестывальная вёска”. 

Сёлета мерапрыемства “Талака Фэст" падтрымае грашыма Віцебскі аблвыканкам: праект «Сваташыцы — фестывальная вёска Дубровенскага раёна» быў прызнаны пераможцам конкурсу грамадскіх ініцыятыў. Што канкрэтна збіраюцца зрабіць за бюджэтныя срэдкі, і якую суму гатовы выдаткаваць улады – не паведамляецца. Раённая газета “Дняпроўская праўда” абмяжавалася хіба што гучнымі фразамі пра тое, што «ТалакаФэст» — гэта ўнікальнае мерапрыемства, якое аб’ядноўвае людзей у духу сяброўства і адзінства” і што “Свята праводзіцца з мэтай умацавання адзінства сельскіх жыхароў, развіцця інфраструктуры аграгарадка і павышэння прэстыжу беларускай вёскі”.

Але галоўнае тут – ідэалагічны складнік, бо “мерапрыемства праводзіцца за месяц да Дня народнага адзінства і нібы дае пачатак падрыхтоўкі і правядзення гэтага дзяржаўнага свята”.

“Свята яднання «ТалакаФэст» ужо стала інструментам рэалізацыі інфармацыйна-іміджавай стратэгіі Дубровенскага раёна па развіццю вёскі”, -- піша “раёнка”.

Што ўяўляе сабой гэтае свята, мы падрабязна апісвалі яшчэ летась. З  сапраўднай “талакой”, калі людзі разам будуюць дом  ці збіраюць ураджай,  імпрэза "Талака Фэст" не мае нічога агульнага. Замест аднаўлення народных традыцый вяскоўцаў забаўляюць ідэалагічна: у праграме, да прыкладу, "традыцыйны абрад "Вогнішчы адзінства", пра які ніколі не чулі нашы продкі. Канцэртную праграму праводзяць Сват і Свацця – бо гэтыя “тытулы”  перагукаюцца з назвай аграгарадка. Яшчэ некалькі складнікаў у гэтай псеўданароднай мешаніне маюць яўны ідэалагічны змест: вітанне ўдзелбнікаў аўтапрабегу, арганізаванага РГА "Патрыёты Беларусі" і  ўскладанне кветак да помніка ўдзельнікам мінулай вайны. І завяршаецца мерапрыемства "народнай дыскатэкай".

"Талака Фэст" - гэта прыдумка дэпутата Палаты прадстаўнікоў Уладзіміра Бабічава, ураджэнца Сваташыц. Арганізацыя імпрэзаў - гэта ягоная прафесія: ён скончыў універсітэт культуры па спецыяльнасці "Рэжысура народных свят" і працаваў дырэктарам Дубровенскага раённага цэнтра культуры - пакуль не заняў пасаду старшыні абласной арганізацыі БРСМ і не пайшоў вышэй па дзяржаўнай лесвіцы.   

Андрэй Хмызняк