Друкаваць гэтую старонку
Пятніца, 10 Красавік 2026

Віцебская блогерка, палітэмігрантка Алена Янушкоўская просіць дапамогі – ёй патрэбныя сродкі на пацвярджэнне інваліднасці

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Алене Янушкоўскай 60 гадоў. У Варшаве яна вымушана апынулася ў 2021-м – уцякла ад палітычнага пераследу ў Беларусі, дзе супраць яе распачалі некалькі крымінальных спраў. Такую “увагу” яна заслужыла тым, што ў сваім відэаблогу распавядала пра праблемы вяскоўцаў, жыццё якіх вельмі далекае ад прыгожай карцінку ў тэлевізары. У 2020-м жанчына вяла стрымы з вулічных шэсцяў.

Яшчэ да пратэстных падзей  Алену Янушкоўскую 6 разоў судзілі за ўдзел і заклікі да ўдзелу ў акцыях за незалежнасць Беларусі. У 2020-м пачалі караць не толькі штрафамі, але і арыштамі. Вядома, гэта адбілася на не надта моцным здароўі актывісткі, якая даўно мела праблемы з пазваночнікам, перанесла складаную аперацыю.

Яшчэ ў Беларусі ёй далі групу інваліднасці. Але ў эміграцыі яна сутыкнулася з праблемай: для пацвярджэння інваліднасці патрэбны агляд у мясцовых спецыялістаў. 

“Медычныя дакументы для польскіх медыкаў служаць толькі для азнаямлення. Патрабуюцца пацверджанні ад мясцовых спецыялістаў. На жаль, тэрміны чакання па NFZ (дзяржаўнай сістэме медабслугоўвання) настолькі вялікія, што візіту да спецыялістаў можна проста не дачакацца. Адзінае выйсце — прайсці ўсе абследаванні і дыягностыку платна, пакуль яшчэ застаюцца хоць нейкія сілы. Бо стан майго здароўя пагаршаецца”, - напісала Алена Янушкоўская ў Facebook.

Працаваць актывістка не можа, атрымлівае дапамогу ад польскай дзяржавы, якая практычна ўся сыходзіць на лекі. У Польшчы ў Алены Янушкоўскай ёсць дачка, але разлічваць на вялікую падтрымку  не выпадае і там - ў Юліі двое  сваіх дзяцей. Таму мінімальная сума на абследванні ў прыватных спецыялістаў, якая складае  5 700 злотых (каля 1 300 еўра), стала для  жанчыны непад’емнай.  

"Неабходна аформіць дакументы зараз, пакуль я яшчэ магу. Неабыякавыя людзі ўжо дапамагаюць у зборы сродкаў, за што ім бясконца ўдзячная. Але гэтага недастаткова, і я прашу кожнага аб падтрымцы. Любая сума стане для мяне шанцам на палягчэнне майго стану”, - піша Алена.

Калі хтось гатовы падтрымаць віцяблянку- палітэмігрантку, то сродкі можна пералічыць на картку яе дачкі:

Santander

55 1090 1043 0000 0001 4964 1955

Yuliya Ulasenka

Маргарыта Шэвелева