Друкаваць гэтую старонку
Аўторак, 04 Лістапад 2025

Віцябляне па-ранейшаму не ведаюць сваіх дэпутатаў

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Гэта засведчыла апытанне, якое правялі праўладныя блогеркі. Жыхары Віцебска казалі пра тое, што да дэпутата можна “звярнуцца з праблемамі”, але ніхто з апытаных – а гэта былі пераважна людзі маладога веку – да іх не звяртаўся. І ніводзін чалавек, да якога звярталіся блогеркі, не змог назваць прозвішча дэпутата, “абранага” падчас апошніх выбараў.

Відэаролік “Чем занимаются депутаты?” размешчаны на Youtube-канале «Vitebsk LIVE». Гэта той самы інтэрнэт-рэсурс, які быў створаны дзеля рэтрансляцый гутарак з кіраўнікамі розных дзяржаўных структур і арганізацый. Першы відэаматэрыял з'явіўся там сёлета 10 сакавіка: гэта была гутарка са старшынём аблвыканкама Аляксандрам Субоціным, якога проста закідалі пытаннямі па праблемах горада і вобласці . На той момант канал меў усяго 33 падпісчыкаў

Інтарэс да гэтага рэсурса імкнуліся падагрэць усе рэгіянальныя дзяржаўныя СМІ, на яго раілі падпісвацца ў віцебскіх ВНУ і на прадпрыемствах. Так,  супольнымі высілкамі на сенняшні дзень дасягнулі лічбы 1,18 тысяч падпісчыкаў.

Цяпер усе яны паглядзелі відэаролік пра дэпутатаў, якія “сядзяць вось тут у будынку аблвыканкама). Блогеры анансавалі свой наступны відэаматэрыял: яны збіраюцца пайсці да “старшыні савета дэпутатаў” – не зразумела, якога ўзроўню, -- каб ён патлумачыў сутнасць дэпутацкай працы. Бо на справе гэтай працы людзі не бачыць і сваіх дэпутатаў не ведаюць.

Падобна, што і не хочуць ведаць: усяго адзін водгук з’явіўся ў адказ на запрашэнне пакідаць пытанні і прапановы да “народных абраннікаў”.

Тое, што звычайныя людзі не ведаюць сваіх дэпутатаў – ужо далёка не навіна. Не ведаюць, бо не заўважаюць вынікаў іх працы і сапраўднай дапамогі. Тым болей, што і сам працэс выбараў у мясцовыя саветы перастаў быць па-сапраўднаму народным: агульнавядома, што на выбарах дэпутатаў не выбіраюць, а прызначаюць. Тым не менш, для іх ствараюць станоўчы імідж, і Аляксандр Лукашэнка неаднаразова заяўляў, што дэпутаты для яго – самыя незалежныя і аб’ектыўныя людзі, і што менавіта яны ведаюць настроі грамадства, бо непасрэдна зносяцца са сваімі выбаршчыкамі.

Алла Палтарацкая