Друкаваць гэтую старонку
Аўторак, 14 Кастрычнік 2025

Ананімныя ахвяры парушэнняў правіл аховы працы

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Суд Дубровенскага раёна  ў сваіх сацсетках апублікавааў паведамленне пра судовае разбіральніцтва трагічнага інцыдэнту: на адным з прадпрыемстваў загінуў работнік. Але паведамленне практычна ананімнае – у ім адмыслова не ўказваецца, у якой  працоўнай арганізацыі здарылася трагедыя. Відаць, суды мяркуюць, што вось такога ананімнага змагання супраць парушэнняў правіл аховы працы дастаткова, каб змагацца з гэтай заганнай з’явай.

Як высветлілася, у Дeбровенскім раёне не так даўно на сваім працоўным месцы загінуў чалавек. Пры якіх акалічнасцях, дзе і што канкрэтна здарылася, прэсавая служба суда не паведамляе. У мясцовых СМІ  гэты выпадак таксама не асвятляўся. Вядома толькі, што ў суд звярнуліся сваякі загінулага, якія хацелі атрымаць матэрыяльную кампенсацыю маральнай шкоды. Па выніку, так і адбылося: прадпрыемства, дзе здарылася трагедыя, па рашэнні суда мусіць выплаціць грашовую кампенсацыю. Ні яе памер, ні назва  прадпрыемства не агучваюцца. Вінаватым у гібелі работніка прызналі асобу, якая адказвала за ахову працы, пакараннем стала “хатняя хімія” на два гады  з забаронай займаць пасады, звязаныя з выкананнем арганізацыйна-распарадчых функцый.  

І не толькі на Віцебшчыне з парушэннямі правіл аховы працы змагаюцца ананімна. Днямі  ў судзе Шклоўскага раёна Магілёўскай вобласці таксама разбіралі сітуацыю, якая здарылася на адным з прадпрыемстваў. Там жанчына засталася інвалідам, а вінаватым прызналі начальніка вытворчага ўчастка, які адказваў за бяспеку працы. Прадпрыемства, дзе ўсё здарылася, суд таксама не называе.

Аляксандр Квашко