Друкаваць гэтую старонку
Панядзелак, 13 Кастрычнік 2025

Памёр паэт і журналіст Алесь Палынскі

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Пра гэта ў сацсетках паведаміў ягоны сын Ігар Палынскі, журналіст і музыка, які мусіў пакінуць радзіму праз палітычны пераслед, і зараз знаходзіцца ў вымушанай эміграцыі. Алесь Палынскі  памёр у Полацку.  Яго жонку Ціну Палынскую  з траўня гэтага года трымаюць у Віцебскім СІЗА.

«Майго бацькі больш няма. У суботу я граў канцэрт, спяваў песні на ягоныя вершы, расказваў прыкалюхі розныя пра яго. У суботу ён памёр. Ён у Полацку. яго жонка ў турме. Яго нават няма каму пахаваць», — Ігар Палынскі ў сацсетцы Х.

Сацсеткі Ігара Палынскага прызнаны “экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыяй”, яны ўключаны ў Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў. Туды ж уключылі некалькі відэакліпаў на песні гурта “Сумарок”, які стварыў Ігар і для якога пісаў музыку і тэксты.  

Жонку памерлага, Ціну Палынскую разам з яе дачкой Маргарытай Рабіновіч ужо паўгода трымаюць у СІЗА. Есць падставы меркаваць, што супраць жанчын распачалі крымінальную справу, звязаную  з дзейнасцю “Беларускай аналітычнай майстэрні” прафесара  Андрэя Вардамацкага. Гэтая структура праводзіла апытанні беларускіх грамадзян пра іх меркаванні адносна розных аспектаў жыцця ў Беларусі. 16 мая КДБ прызнаў гэтую арганізацыю “экстрэмісцкім фармаваннем”. 

Галіна Сініца