Друкаваць гэтую старонку
Субота, 04 Кастрычнік 2025

Андрэю Буку замянілі не адседжаныя “суткі”на штраф

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

На сваёй старонцы ў Facebook актывіст з Шаркоўшчыны распавёў, што атрымаў позву ў раённы суд і нават не ўяўляе, што здарылася. У позве было пазначана, што яго выклікаюць “па заяве Шаркоўшчынскага РАУС дзеля вырашэння пытання, звязанага з выкананнем пастановы аб адміністрацыйным пакаранні”.

Калі 3 кастрычніка Андрэй Бука з’явіўся ў суд у прызначаны час, высветлілася, што вядзецца пра зусім даўнія падзеі. 28 кастрычніка  2024 года ён  быў асуджаны да арышту на 5 сутак за так заванае “несанкцыянаванае  пікетаванне”, але адбываць пакаранне адразу актывіста не забралі.  З тае пары яго судзілі  яшчэ раз: сёлета 3 лютага яму прысудзілі штраф памерам 50 базавых велічынь ( 2 100 рублёў). Зноў-такі за “несанкцыянаванае  пікетаванне” – нагодай стала размяшчэнне выяваў з беларускай нацыянальнай сімволікай у сацсетцы Mastodon.

3 кастрычніка, вярнуўшыся з суда, Андрэй Бука паведаміў, што міліцыянты раптам прыгадалі ягоныя не адседжаныя “суткі”. “Замена неадбытых сутак на 20 базавых”, - напісаў актывіст Facebook . Але не ўдакладніў, кколькі гэта ў беларускіх грашах, бо зараз адна базавая велічыня – гэта 42 рублі, а год таму складала 40 рублёў.

Таццяна Голубева