Друкаваць гэтую старонку
Серада, 24 Верасень 2025

Сёлета супрацоўнікі розных пракуратур Віцебскай вобласці выявілі 95 «экстрэмісцкіх» інтэрнэт-рэсурсаў

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Віцебская абласная пракуратура падала ў суд Кастрычніцкага раёна 15 пазоваў на прызнанне “экстрэмісцкай” інфармацыйнай прадукцыяй 5-ці старонак у сацыяльнай сетцы Facebook, 3-х — у Instagram, 2-х — у «ВКонтакте», адной — у «Одноклассниках», 5-ці каналаў у TikTok. Таксама найбольшы ўнёсак у выяўленне “экстрэмізму ў інтэрнэце” зрабілі пракуратуры Полацкага, Сенненскага, Чашніцкага і Гарадоцкага раёнаў.

Што паказальна: усе 95 інтэрнэт-рэсурсаў, якія згадваліся ў дасланых з пракуратуры дакументах, былі прызнаны судамі “экстрэмісцкімі” без пярэчанняў. На працягу практычна ўжо 9-ці месяцаў яны былі ўключаны ў Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў.

 Як сцвярджае прэс-служба Віцебскай абласной пракуратуры,на гэтых рэсурсах  былі заўважаныя «недакладныя звесткі пра дзейнасць праваахоўных органаў», скажэнне навінавай тэматыкі «шляхам камп’ютарнага мантажу асобных ролікаў і распаўсюду загадзя ілжывай інфармацыі», а таксама размяшчэнне інфармацыі, якую прызнавалі «экстрэмісцкай» раней, што «ўзмацняла дэструктыўны ўплыў».

Вольга Нарэйка