Друкаваць гэтую старонку
Панядзелак, 07 Ліпень 2025

Полацкія піянеры зрабілі “пазітыўныя надпісы” на ходніках

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Гэтая ініцыятыва Дзіцячай палаты ГА “БРПА” ў мясцовай газеце названая “невялікай, але значнай”. Сэнс яе ў тым, што на асфальце і на брукаванцы з’явіліся надпісы, зробленыя каляровай крэйдай, кшталту “Всё будет хорошо”, “Улыбнись” і гд. Сапраўды, можна было б бесклапотна ўсміхнуцца, але прыгадваюцца судовыя працэсы 2020-га, калі за надпісы на ходніках людзей каралі як за “несанкцыянаванае пікетаванне”, “псаванне маёмасці” і “хуліганства”.

9 верасня у Мінску некалькі гараджан зрабілі надпіс "Не забудзем!" на тратуарнай плітцы недалёка ад месца гібелі Аляксандра Тарайкоўскага - удзельніка акцый пратэстаў супраць рэжыму Аляксандра Лукашэнкі. На іх завялі крымінальную справу аб хуліганстве, учыненым групай асоб, пасля чаго арыштавалі. Пецярых пакаралі:  Дзяніса Граханава і Ігара Самусенку прыгаварылі да паўтара года абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу, Марыю Бабовіч - да паўтара года абмежавання волі без такога напрамку, Максіма Паўлюшчыка - да двух гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму, а Уладзіслава Гуліса - да двух гадоў.

У кастрычніку 2020 г. у Віцебску прайшоў суд над мясцовым жыхаром, якога абвінавацілі ў “несанкцыянаваным пікетаванні” за надпісы,  зробленыя на асфальце каля ўласнага пад’езда. У Магілеве ў сакавіку 2021 года судзілі мясцовага жыхара, які яшчэ ў верасні напісаў на асфальце «3%» і «где 80%?» На той момант надпісы даўно змыла дажджом...

Зразумела, што абсалютна бессэнсоўна патрабаваць пакарання для полацкіх піянераў. Хаця ў цяперашняй сітуацыі “иногда не до законов” надпіс “Всё будет хорошо” таксама можна абвясціць правакацыйным. Маўляў, хібы зараз усё кепска?.. Але сітуацыя выглядае надта ўжо двухсэнсоўнай: адных за надпісы па горадзе хваляць  у дзяржаўнай прэсе, а іншым прысуджаюць штрафы і пазбаўленне волі.

Дарэчы, гараджан заклікаюць далучацца да ініцыятывы піянераў: браць крэйду і пісаць “добрыя пажаданні”. Таму не выключаны розныя інцыдэнты, бо “добрыя пажаданні” кожны разумее па-свойму...

Святлана Мамедава