Адмовіцца ад ужывання наркотыкаў сам ён вырашыў у 2015 годзе, добра ўсвядоміўшы, якое гэта зло. Да таго часу былоо рознае: упершыню пакурыў марыхуану ў 15 гадоў, потым пакаштаваў опіюм. Праз год трапіў у турму. Не паспеў выйсці, як у першыя ж дні на волі сустрэўся са старымі сябрамі, зноў наркотыкі і зноў зняволенне. Калі выйшаў з-за кратаў другі раз, паспрабаваў наладзіць нармальнае жыццё. Не з першай спробы, але гэта ўрэшце атрымалася.
Маючы такі няпросты жыццёвы досвед, Андрэй Корпс прыняў рашэнне, што будзе знішчаць рэкламу “наркаты” уласнымі рукамі. Тым болей, што ўпершыню заўважыў яе каля ўласнага дома, недалёка ад школы і дзіцячага садка. У 2019 годзе яго штодзённай “нормай” стала зафарбоўка ад 20 да 30 “наркаграфіці” па ўсёй Оршы.
Андрэй Корпс не аднойчы казаў, што змагацца трэба найперш з распаўсюднікамі наркотыкаў. Ужываць іх ці не - гэта асабістая справа кожнага, але неабходна зрабіць так, каб у гэта ўцягвалася як мага менш людзей. Замінаць Андрэю весці асабістую вайну з “наркаграфіці” у Оршы не забаранялі. Але - ў горадзе дагэтуль можна сустрэць адпаведную рэкламу. У пэўнай ступені і таму, што Андрэй Корпс быў адзін на ўсю Оршу. Ягоны прыклад не падтрымалі ні міліцыянты, ні настаўнікі, ні “Белая Русь”, ні БРСМ.
Ігар Васільеў