Паводле праектных дакументаў , вакол абноўленай навучальнай установы будзе праведзена добраўпарадкаванне, у тым ліку абяцаюць зрабіць невялікую аўтастаянку - раней яе не было. Яшчэ абяцаюць новыя спартовыя пляцоўкі, азеляненне, устаноўку малых архітэктурных форм. Праект распрацаваны мінскім ААТ «НикаПроект», якое спецыялізуеца на праектаванні жылых дамоў. Заказчык запланаванай дзейнасці - Упраўленне капітальнага будаўніцтва Віцебска.
Усе працы мусяць праводзіцца пад кантролем археолагаў, бо месца, дзе знаходзіцца гімназія №1 - гэта гістарычны цэнтр Віцебска і тэрыторыя помніка археалогіі «Сельскiя паселiшчы, курганы, тэрыторыя былых Кстоускай i Здунайскай слабод».
Пра тое, што на сцяне аднаго з гімназічных будынкаў утварыліся расколіны, стала вядома 4 кастрычніка 2024г. Згодна з афіцыйнымі паведамленнямі, расколіны ў сцяне аднаго з карпусоў магла ўтварыцца праз «рух грунтовых пародаў». Паводле распараджэння аддзела адукацыі Кастрычніцкага раёна, вучням у настаўнікам давялося пераходзіць у іншыя ўмовы працы і вучобы.
Будынак гімназіі №1 (былой віцебскай школы №15) быў узведзены яшчэ ў 1938 годзе – гэта была так званая «сталінская школа», якія ў той час будавалі масава. Салідны ўзрост будынка нікога не наштурхнуў на думку пра грунтоўнае абследаванне перад пачаткам навучальнага года, калі ўлады праводзяць так званую «прыемку» навучальных установаў – праверку гатоўнасці прыняць вучняў.
Пасля таго, як вучняў і настаўнікаў гімназіі №1 размеркавалі па іншых навучальных установах, даследаваннем пашкоджанага будынка займаліся навукоўцы ПДУ імя Ефрасінні Полацкай. Колькі часу можа заняць будаўніцтва новага корпуса і рэканструкцыя старога, пакуль не вядома. Але зразумела, што гімназісты яшчэ працяглы час будуць вымушаны займацца ў “чужых сценах”.
Андрэй Пірагоў