Друкаваць гэтую старонку
Чацвер, 27 Сакавік 2025

Зноў пра “аварыйныя” сараі

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Вакол сараяў, у якіх жыхары старых віцебскіх дамоў раней складалі дровы, разгарнулася сапраўдная ідэалагічная вайна. Нагадаем, у верасні мінулага года насельнікі дамоў па вуліцы Жасткова паскардзіліся, што сараі ў іхных дварах сталі прытулкам для бяздомнікаў і пажаранебяспечнымі аб’ектамі. Тут жа адгукнулася гарадская структура МНС: маўляў, сараі даўно пара знесці. Але, падобна, на гэта не варта разлічваць....

«Стан нашага двара не адпавядае сацыяльным і санітарным стандартам для месцаў пражывання ў г.Віцебску», - пісалі  ў гарвыканкам жыхары дома №18 па вуліцы Жасткова. Допіс быў накіраваны летась у верасні, а ўжо ў кастрычніку праз мясцовую газету ім патлумачылі, што са зносам усё не так проста.

Высветлілася, што знесці іх агулам не атрымаецца . І справа не толькі ў грошах, якія неабходны для іх дэмантажу (да слова, знос такое пабудовы абыдзецца бюджэту ад 18 да 25 тысяч рублёў). Як аказалася, некаторыя ізаляваныя сараі прыватызаваныя -- на іх ёсць пасведчанні аб дзяржрэгістрацыі як да дадатку да аформленай ва ўласнасць кватэры. Да гэтага юрыдычнага казусу дадаецца іншы: зямля пад надворнымі пабудовамі ў валоданне не аформлена. Такім чынам, будынак з некалькіх ізаляваных памяшканняў з'яўляецца, па сутнасці, самавольна пабудаваным, хаця сараі будавалі цэнтралізвана ў 1930-50 гады, каб насельнікі захоўвалі там дровы для пячнога ацяплення.

 Сёння ў дамах зроблены капітальныя рамонты, і мясцовыя жыхары забяспечаны ўсімі сучаснымі дабротамі. Але некаторыя карыстаюцца сараямі дзеля ўласных мэтаў, і трымаюць іх у парадку – прыкладам, на вуліцы Марка Шагала. І ў такім выпадку зносіць дагледжаныя пабудовы няма патрэбы. Чарговы ліст у падтрымку гэтай ідэі надрукавала  днямі гарадская газета “Віцьбічы”, куды прыйшоў калектыўны ліст ад жыхароў вуліц Горкага і Шырокай. Там, маўляў, сараі дагледжаныя, і людзі баяцца, што іх знясуць “за кампанію”.

Паводле выдання, “в настоящее время на территории города вблизи многоквартирных жилых домов расположено 166 надворных хозяйственных построек, из которых 133 находятся в неудовлетворительном состоянии”. У гэтым годзе вырашана знесці 30 такіх аварыйных пабудоваў.  

А што з астатнімі? Вырашэнне пытання гарадскія ўлады ўбачылі ў тым, каб адрамантаваць аварыйныя надворныя пабудовы за кошт жыхароў. Прынамсі, гарвыканкам хоча правесці сходы ў віцебскіх дварах каб праясніць абстаноўку: колькі сараяў прыватызавана і колькі мясцовых жыхароў гатова заняцца рамонтам за ўласныя сродкі.

Руслана Зыкіна