Друкаваць гэтую старонку
Нядзеля, 27 Студзень 2019

Косінец, Шарстнёў, Рыбка?.. Каго віцябляне выбралі б “губэрнатарам”

Ацаніць гэты матэрыял
(6 галасоў)
Дзейсны старшыня Віцебскага аблвыканкаму М. Шарстнёў. Фота: vitvesti.by Дзейсны старшыня Віцебскага аблвыканкаму М. Шарстнёў. Фота: vitvesti.by

У суполцы “Тыповы Віцебск” у сацыяльнай сетцы “УКантакце” зладзілі апытанку “Каго б вы хацелі бачыць губэрнатарам Віцебскай вобласьці?” Найбольшая колькасьць удзельнікаў аддала сваё галасы экс-старшыні Віцебскага аблвыканкаму Аляксандру Косінцу. Цяперашні “губэрнатар” Мікалай Шарстнёў атрымаў усяго 4%.

У апытаньні ўзялі ўдзел амаль 4100 чалавек. Зь іх 1046 удзельнікаў прагаласавалі супраць усіх, а больш за 1500 чалавек наагул не зрабілі канкрэтны выбар і пстрыкнулі па пімпачцы “Паглядзець адказы”.

“Тыповая пазыцыя беларуса: паглядзець, што там думаюць іншыя, а потым напісаць, як і ўвесь статак”, – адрэагаваў адзін з камэнтатараў пад апытанкай.

У камэнтарах жартам прапаноўвалі на пост кіраўніка Віцебскай вобласьці Насьцю Рыбку, Кім Чэн Ына (“дарогі дакладна будуць чысьціць”), Бандэру, Мікалая Валуева, Шварцнэгера, Сталіна…

Топ-5 камэнтароў пад апытанкай

  1. “Справа не ў губэрнатары, а ў сыстэме. Пакуль яна ня зьменіцца, усё будзе так, як ёсьць”.
  2. “Чаго як куры раскудахталiся, каго бацька паставiць – той i будзе…”
  3. “Мяркую, трэба выбіраць каго-небудзь з маладых хлопцаў, якія вучыліся ў Эўропе ці ЗША…”
  4. “Губэрнатара мусіць выбіраць толькі народ!”
  5. “Кшталту ад гэтай апытанкі што-небудзь зьменіцца?..” – “Ну хоць улады даведаюцца, як да іх насамрэч народ ставіцца…”

Доктар мэдычных навук Аляксандар Косінец кіраваў Віцебшчынай ад 2008-га да 2014-га году. Зараз займае пасаду памочніка Прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь. Як старшыня Віцебскага аблвыканкаму запомніўся тым, што правёў рэканструкцыю плошчы Перамогі, спляжыўшы на ёй усе дрэвы (праз што ў народзе атрымаў мянушку “дрывасек”). Менавіта яму належала ідэя будоўлі ў Віцебску Палацу шлюбаў.

Цяперашні старшыня аблвыканкаму Мікалай Шарстнёў – нараджэнец Аршаншчыны (як і Косінец). На пасаду старшыні аблвыканкаму быў прызначаны напрыканцы 2014-га году. Па адукацыі – вэтэрынар. Успрымаецца віцяблянамі як “губэрнатар”-штангіст. Паставіў некалькі рэкордаў у паўэрліфтынгу на “Славянскім кубку”. Але па-сапраўднаму ўзьняць эканоміку вобласьці у Шарсьнёва пакуль не атрымліваецца.

Суполка “Гэта Віцебск, дзетка” (“Тыповы Віцебск”) мае каля 150 тыс. падпісчыкаў. Пост з апытанкай пра губэрнатара ахапіў каля 24 тыс. карыстальнікаў, удзел у галасаваньні ўзялі 4100 чалавек. Вынікі апытаньня наўрад ці рэпрэзэнтатыўныя, але ж адлюстроўваюць узровень папулярнасьці цяперашняга кіраўніка вобласьці.

Зьміцер Міраш