Друкаваць гэтую старонку
Панядзелак, 12 Лістапад 2012

Выбух ля будынку КДБ можа “разваліць” справу расстраляных “віцебскіх тэрарыстаў”?

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

“Выбухі ў Віцебску паўтараюцца. У 2005-м годзе ў горадзе таксама была бляшанка, у якую было закладзенае выбуховае прыстасаваньне. Але па выніках экспэртызы высьветлілася, што яно было зроблена прамысловым спосабам. Пра гэта казаў адвакат Станіслаў Абразей яшчэ на судзе”, - распавяла Любоў Кавалёва, маці пакаранага сьмерцю нібыта за тэракты ў Менску і Віцебску Ўладзіслава Кавалёва.

Паводле словаў Любові Кавалёвай, за тое, за што раней людзей расстрэльвалі, цяпер прыцягваюць паводле артыкулу “хуліганства”: “Цяпер тое ж самае адбываецца. Афіцыйныя асобы заявілі, што там быў піратэхнічны склад. Нашых хлопцаў расстралялі за падобны склад. Ім іх у віну паставілі як ‘выбуховую прыладу’. А цяперашні выбух кваліфікавалі як ‘хуліганку’”.

Выбух у Віцебску маці расстралянага Ўладзіслава Кавалёва зьвязвае з эканамічнымі праблемамі ў краіне: “Гэта ня першы выбух апошнім часам. Незразумела, каму і навошта гэта трэба. Як той казаў, народ хоча хлеба і відовішчаў. Калі няма хлеба - даем народу відовішча. Усё гэта адбываецца на тле эканамічнага крызісу. я думаю, гэта зьвязана з палітыкай і эканомікай”.

Тым часам Эўрарадыё параўнала выбухі ў Віцебску - раскрытыя раней і зьдзейсьненыя зараз: “‘Выбуховая прылада была зьмешчаная і закамуфляваная ў мэталічнай бляшанцы з-пад напою ёмістасьцю 0,33 л’, - гэта не пра выбух у Віцебску ля будынку КДБ 11 лістапада 2012 году. Гэта з выраку суду па справе наконт выбуху ў Віцебску 14 верасьня 2005 году”.

Прылады, якія выбухнулі ў Віцебску 14 і 22 верасьня 2005 году, былі падобныя па адным парамэтры — закамуфляваныя пад напоі: бляшанка 0,33 літра ў першым і бляшанка з-пад піва 0,5 літра ў другім выпадку. А вось афіцыйная інфармацыя пра выбух 11 лістапада 2012 году з сайту КДБ Беларусі: “Кардонны або плястмасавы тубус, начынены 50-70 грамамі піратэхнічнай сумесі і зьмешчаны ў бляшанку ёмістасьцю 0,25-0,33 літра без паражальных элемэнтаў. У дзеяньне прыведзены агнявым спосабам (праз падпал)”. З нагоды гэтага выбуху распачалі крымінальную справу паводле артыкулу 339 Крымінальнага кодэксу (хуліганства). Таксама спачатку кваліфікаваліся выбухі ў 2005 годзе, пазьней перакваліфікаваныя ў тэрарызм.

Прылада ў 2005 годзе была прыведзеная ў дзеяньне з дапамогаю кнотy ці іншай нявыяўленай выканаўчай прылады. Фармулёўка “іншая нявыяўленая выканаўчая прылада” — гэта з канчатковага абвінавачаньня Канавалаву і Кавалёву. Прылада, якая спрацавала ля віцебскага КДБ, адрозьніваецца ад прыладаў 2005 года тым, што ня мела паражальных элемэнтаў.

  14 верасьня 2005 22 верасьня 2005 11 лістапада 2012
Камуфляж – бляшанка 0,33 літра 0,5 літра 0,25 – 0,33 літра
Наяўнасьць паражальных элемэнтаў Былі — балты, гайкі, шрубы Былі — балты, гайкі, шрубы, іншыя мэталёвыя прадметы Не было
Прывядзеньне ў дзеяньне Падпал кноту З дапамогай кноту ці іншай нявыяўленай выканаўчай прылады Праз падпал
Магутнасьць зараду 90 грам у трацілавым эквіваленце 150-200 грам у трацілавым эквіваленце 50-70 грам піратэхнічнай сумесі
Пашкоджаньні Фізычныя пашкоджаньні дзьвюм асобам Маральныя і фізычныя пашкоджаньні 55 асобам Пашкоджаныя два вокны будынку
Кваліфікацыя Спачатку як хуліганства, пасьля тэрарызм Спачатку як хуліганства, пасьля тэрарызм Хуліганства

Увечары 23 верасьня 2005 году КДБ адрапартаваў, што падазраваныя затрыманыя. Праз тыдзень Лукашэнка сказаў, што “ў Віцебску гэтыя два ахламоны ўзарвалі імітацыйнае прыстасаваньне і думалі, што іх ня знойдуць. Іх хутка вылічылі, знайшлі, і яны ўжо распавялі, дзе бралі порах і як хацелі папужаць людзей у месцах”. Гаворка ішла пра братоў Мурашак, якіх праз паўгода ўтрыманьня ў СІЗА выпусьцілі. А выбух у выніку прыпісалі Канавалаву, затрыманаму амаль праз 6 гадоў.

Паводле Хартыі’ 97, Эўрарадыё, udf.by