Друкаваць гэтую старонку
Панядзелак, 26 Лістапад 2012

Віцебская пошта вынайшла ўласны беларускі правапіс

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Віцебская абласная пошта дасылае беларускамоўныя тэлеграмы, запісваючы іх пры дапамозе расейскага альфабэту. Такую тэлеграму атрымаў грамадзкі актывіст Ільля Заранок. «Як шкада, што ў краіне, дзе прынамсі дзьве мовы дзяржаўныя, Віцебская абласная пошта ня мае для беларусаў літараў І, Ё і Ў», – напісаў ён у «Facebook».

Ільля ўдакладніў, што з гэтай нагоды ўжо рыхтуецца афіцыйная скарга. «Не ад мяне. А ад таго, хто адпраўляў тэлеграму. Ведаю, што ў Менску праблемаў такіх на пошце няма», – дадаў актывіст.

У саll-цэнтры «Белпошты» пытаньне пра выкарыстаньне беларускага альфабэту для запісу тэлеграмаў па-беларуску паставіла ў тупік. «Ну можа, яны калі афармлялі, дык указалі, каб дасылалі на расейскай мове, – задумалася працаўніца пошты. – А калі давалі тэлеграму па тэлефоне, дык гэта не да нас – запытайце ў “Белтэлекаме”». Зразумела, што беларускамоўны жыхар Віцебску не прасіў пры афармленьні тэлеграмы пазначыць, каб яе пасылалі па-расейску.

Як заявіў «Белсату» старшыня Таварыства беларускай мовы Алег Трусаў, перадача вуснай беларускай мовы праз альфабэт іншай мовы – гэта парушэньне заканадаўства. «Гэта парушэньне Канстытуцыі ды знакамітага рэфэрэндуму “Аб роўнасьці дзьвюх дзяржаўных моваў”, які таксама мае сілу. А потым яны ў Закон аб мовах, парушаючы Канстытуцыю, увялі запіску: на якой мове хачу, на такой і адказваю. Таму чыноўнікі будуць спасылацца на закон аб мовах і будуць мець рацыю. А вы будзеце спасылацца на Канстытуцыю і рэфэрэндум – і таксама будзеце мець рацыю. Маўляў, прынялі рэфэрэндум аб роўнасьці моваў – забясьпечце гэтую роўнасьць. Але паколькі Канстытуцыя вышэйшая за закон, то сіла за вамі», – перакананы ён.

На практыцы гэтае пытаньне можна разьвязаць элемэнтарна, спаслаўшыся на новы закон аб звароце грамадзянаў, мяркуе экспэрт. «Калі грамадзянін піша чыноўніку па-беларуску, той абавязанаы на гэтай мове даць адказ. Напішыце кіраўніку віцебскай пошты афіцыйны ліст: “У гэткім аддзяленьні адмовілі пісаць тэлеграму сродкамі беларускага альфабэту, я лічу, што гэта парушэньне маіх грамадзянскіх правоў, парушэньне дзейснай Канстытуцыі. Таму прашу правесьці службовае расьсьледаваньне і даць мне адказ”. Такіх лістоў трэба арганізаваць дзясяткі два – пасьля таго, як ён разоў 20 адкажа па-беларуску (а ён абавязаны, не адкажа – зь яго шкуру зьнімуць), усё будзе па-беларуску», – прапанаваў Алег Трусаў.

ТБМ нядаўна пасьпяхова правяло падобную акцыю. «Мы арганізавалі сотні чатыры лістоў на чыгунку, бо вакзал не хацеў афармляць па-беларуску. Дык у іх ужо папера скончылася адказы пісаць! І чыгунка зразумела: справа – дрэнь», – сьмяецца суразмоўца.

БелСат