Друкаваць гэтую старонку
Чацвер, 08 Жнівень 2019

Кіраўніцтва “Полацак-Шкловалакно” патлумачыла, чаму забараніла распаўсюд улётак СПБ

Ацаніць гэты матэрыял
(3 галасоў)

Свабодны прафсаюз Беларускі атрымаў афіцыйны адказ ад кіраўніцтва ААТ “Полацак-Шкловалакно” на просьбу патлумачыць, чаму на стэндзе, які знаходзіцца на прахадной заводу, забараняюць разьмяшчаць прафсаюзныя ўлёткі. Усё проста: ячэйкі стэнду ўжо занятыя і “выкарыстоўваюцца для гаспадарчай дзейнасьці…”

“У сувязі з тым, што ўсе ячэйкі занятыя і выкарыстоўваюцца ААТ “ПШВ” у гаспадарчай дзейнасьці, даць магчымасьці для разьмяшчэньня Вамі ўлётак ня маецца”, – гаворыцца ў адказе выканаўцы абавязкаў генэральнага дырэктара прадпрыемства Рамана Блізьнёва.

Сябры прафсаюзу зьдзіўленыя такім адказам, бо інфармацыйны стэнд на прахадной прадпрыемства прызначаны якраз для інфармацыі грамадзкіх аб’яднаньняў, а ніяк не для “гаспадарчай дзейнасьці” адміністрацыі заводу.

 

Нагадаем, разьмяшчаць сваю інфармацыю на стэндзе лідэрам прафсаюзу забаранілі 19 ліпеня, у дзень, калі старшыня СПБ Мікола Шарах меў сустрэчу з дырэктарам заводу “Полацак-Шкловалакно” Алегам Курыліным.

Як паведамляе афіцыйны сайт СПБ, падчас сустрэчы Алег Курылін зноў “кляўся не перасьледаваць сябраў СПБ”. Паабяцаў таксама пайсьці на перамовы з СПБ, але толькі ў тым выпадку, “калі пабачыць хаця б аднаго сябра Свабоднага прафсаюзу сярод працаўнікоў заводу”. Паміж іншым, Курылін прызнаўся, што яму добра вядома аб тым, што большасьць рабочых яго ня любіць. Згадзіўся, што заробкі ў працоўных “Шкловалакна” малыя і не адпавядаюць іхным высілкам.

Пры гэтым дырэктар ААТ “Полацак-Шкловалапкно” сам зьяўляецца сябрам афіцыйнага “Белхімпрафсаюзу” і лічыць нармальным, калі працадаўца знаходзіцца ў адным прафсаюзе з працоўнымі, сваімі падначаленымі.

Алег Курылін перакананы, што на заводзе ніяк не парушаюцца міжнародныя канвэнцыі аб свабодным аб’яднаньні працоўных у прафсаюз.

Зьміцер Міраш