Друкаваць гэтую старонку
Чацвер, 12 Кастрычнік 2017

Полацак: Рашэньне аб правядзеньні страйку прынятае

Ацаніць гэты матэрыял
(2 галасоў)

Рабочыя полацкага заводу «Шкловалакно» 10 кастрычніка на канфэрэнцыі прынялі рашэньне аб правядзеньні страйку. Канфэрэнцыю рабочых арганізаваў Свабодны прафсаюз Беларускі (СПБ). Рабочыя патрабуюць роўнага стаўленьня да працоўных заводу, незалежна ад удзелу ў прафсаюзе.

Як распавялі прафсаюзныя лідэры, правядзеньне страйку на «Шкловалакне» стала апошняй мерай, каб спыніць зьдзекі з рабочых у выглядзе дыскрымінацыі і псыхалягічнага тэрарызаваньня за ўдзел у Свабодным прафсаюзе. У патрабаваньнях рабочых да наймальніка зьмяшчаецца 17 пунктаў, якія тычацца зьмены нормаў калектыўнай дамовы. Гэтыя патрабаваньні павінны забясьпечыць неўмяшаньне наймальніка ў дзейнасьць прафсаюзу, роўнае стаўленьне да рабочых, якія ўваходзяць у розныя прафсаюзы.

Правядзеньне страйку намечанае на пэрыяд з 1 лістапада да канца году. Як мяркуюць прафсаюзныя актывісты, страйк будзе насіць характар ​​веернага разьвіцьця ў розных брыгадах ў розны час. Рашэньне пра форму, месца і час страйку будуць прымаць непасрэдна працоўныя падразьдзяленьняў на месцах без папярэдняга апавяшчэньня начальнікаў падразьдзяленьняў.

«У кожным разе, - кажа старшыня пяршоўкі СПБ Віктар Стукаў, - згодна з артыкулам 391 Працоўнага кодэксу працоўны індывідуальна прымае рашэньне наконт далучэньня да страйку. Ніякі начальнік ня можа рабочага прымусіць ня ўдзельнічаць у страйку, за гэта прадугледжаная крымінальная адказнасьць начальніку».

Намесьнік старшыні СПБ Мікола Шарах: «Канфэрэнцыя рабочых заявіла пра страйк у поўнай адпаведнасьці з Працоўным кодэксам. У студзені 2017 году прафсаюз заявіў патрабаваньне аб калектыўных перамовах, на пачатку ліпеня былі накіраваныя наймальніку прапановы рабочых. 1 жніўня была прынятая новая калдамова без уліку прапановаў рабочых і без тлумачэньня прычын, чаму ня ўлічаныя гэтыя прапановы. Таму ўзьніклі юрыдычныя акалічнасьці калектыўнай працоўнай спрэчкі. Далей, згодна з Працоўным кодэксам, працэдуры ідуць у вельмі кароткія тэрміны. 8 верасьня прафсаюзам накіраваныя патрабаваньні наймальніку і 22 прапановы па прымірэнчай камісіі. Усе гэтыя лісты прафсаюзу наймальнік праігнараваў. Таму 1 кастрычніка стала відавочным, што згода бакоў наконт калектыўнай працоўнай спрэчкі не дасягнутая».

На канфэрэнцыю работнікаў, арганізаваную СПБ, прыбыло 100% дэлегатаў, якія аднагалосна прагаласавалі за правядзеньне страйку. Колькасьць дэлегатаў канфэрэнцыі і пэрсанальны склад прафсаюз не выдае дзеля бясьпекі работнікаў. 11 кастрычніка прафсаюз накіраваў дырэктару апавяшчэньне пра страйк, як таго патрабуе артыкул 390 Працоўнага кодэксу.

Аляксандар Марозаў

1 камэнтар