Друкаваць гэтую старонку
Субота, 30 Кастрычнік 2021

Кіраўніка габрэйскай грамады ў Віцебску Леаніда Томчына датэрмінова вызвалілі ад пакарання. Быў асуджаны ў «справе медыкаў»

Ацаніць гэты матэрыял
(3 галасоў)
Леанід Томчын. Фота: mishpoha.org Леанід Томчын. Фота: mishpoha.org

Суд Першамайскага раёну Віцебску 29 кастрычніка ўмоўна-датэрмінова вызваліў ад асноўнага пакарання ў выглядзе папраўчых работ уладальніка буйной аптэчнай кампаніі «Аптэка Груп» і кіраўніка гарадской габрэйскай абшчыны «Дом Ізраілю» Леаніда Томчына. У 2019 годзе ён быў асуджаны на тры гады «хатняй хіміі» за дачу хабару. У 2020 годзе ў сувязі з амністыяй Томчыну скарацілі тэрмін на адзін год, а ў 2021-м – змянілі «хатнюю хімію» на папраўчыя працы.

29 кастрычніка суд задаволіў хадайніцтва аб умоўна-датэрміновым вызваленні бізнесмена. Такое рашэнне прыняў суддзя Юрый Урбан.

«Хімія», амністыя і УДВ

Вядомы ў горадзе мецэнат і бізнесмен Леанід Томчын быў затрыманы ў жніўні 2018 году ў межах так званай «справы медыкаў», але неўзабаве быў адпушчаны. Агулам у следчым ізалятары ён прабыў 1 месяц. 19 снежня 2019 году Менскі гарадскі суд прыгаварыў яго да трох гадоў абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову. Ён быў прызнаны вінаватым у дачы буйных хабараў генеральнаму дырэктару дзяржаўнага прадпрыемства «Белфармацыя» (ч.2 арт. 431 КК РБ).

На пачатку чэрвеня 2020 году Менскі гарадскі суд ужыў амністыю ў дачыненні Томчына ў сувязі з 75-годдзем Перамогі і скараціў яму тэрмін пакарання на адзін год. 11 чэрвеня 2021 году суд Кастрычніцкага раёну Віцебску замяніў «хімію» на 10 месяцаў і 6 дзён папраўчых працаў. Праз некалькі месяцаў пасля гэтага Томчын падаў хадайніцтва аб умоўна-датэрміновым вызваленні ад прызначанага пакарання. Хадайніцтва падтрымала крымінальна-папраўчая інспекцыя Першамайскага РАУС, пракурор таксама быў не супраць.

«На сённяшні дзень Томчын адбыў 4 месяцы папраўчых работ. Асуджаны зарэкамендаваў сябе станоўча, працуе. Па месцы жыхарства зарэкамендаваў сябе таксама са станоўчага боку. Да адміністрацыйнай адказнасці за перыяд адбывання пакарання не прыцягваўся. У сувязі з гэтым хадайнічаем перад судом аб умоўна-датэрміновым вызваленні ад пакарання ў выглядзе папраўчых работ», – заявіла старшая інспектарка крымінальна-папраўчай інспекцыі Першамайскага РАУС Віцебску Наталля Шырына.

«Гатовы весці правапаслухмяны лад жыцця»

Яна таксама паведаміла, што адпаведная камісія прыйшла да высновы, што «ў Томчына сфармавалася гатоўнасць весці правапаслухмяны лад жыцця ў будучым» і што да яго «няма ніякіх нараканняў».

На судзе ў бізнесмена спыталі пра ягонае стаўленне да ўчыненага злачынства.

«Дрэннае стаўленне. Зразумела, што я прызнаў сваю віну ва ўчыненні злачынства і цяпер вяду законапаслухмяны лад жыцця», – адказаў ён.

Леанід Томчын патлумачыў суду, навошта звярнуўся з просьбай аб умоўна-датэрміновым вызваленні.

«Мая праца і грамадская дзейнасць звязаная з вялікай колькасцю камунікацый з кампаніямі і людзьмі, з якімі вяду справы. У кампаніі працуе 1700 чалавек. Кампанія працуе на ўсю рэспубліку, контрагентаў – сотні. І многіх з контрагентаў цікавіць, натуральна, мой статус на сённяшні дзень. Статус чалавека, які адбывае пакаранне, і статус ўмоўна-датэрмінова вызваленага – гэта мае прынцыповае значэнне для вядзення дзейнасці. І гэта асноўная прычына, чаму я звярнуўся ў інспекцыю, каб змяніць статус», – сказаў Томчын.

Суддзя Юрый Урбан прыняў рашэнне аб умоўна-датэрміновым вызваленні ад папраўчых работ.

Леанід Томчын – буйны бізнесмен, уладальнік аптэчных сетак «ADEL» і «Добрыя Лекі». Ён кіраўнік гарадской габрэйскай грамады. Пры яго непасрэдным удзеле і фінансаванні ў Віцебску была пабудаваная сінагога, на адкрыцці якой у 2017 годзе прысутнічалі гарадскія чыноўнікі.

Уладзімір Бяляўскі