Друкаваць гэтую старонку
Серада, 29 Верасень 2021

Палітвязня Ігара Банцэра на 1 месяц і 25 дзён кінуць на зону. Зараз ён у віцебскім СІЗА

Ацаніць гэты матэрыял
(6 галасоў)
Ігар Банцэр. Фота: svaboda.org Ігар Банцэр. Фота: svaboda.org

Суд Чыгуначнага раёну Віцебску 29 верасня прыняў рашэнне змяніць меру пакарання для рок-музыкі Ігара Банцэра і адправіць яго на 1 месяц і 25 дзён у калонію агульнага рэжыму. Суд быў выязным і праходзіў у папраўчай установе адкрытага тыпу (ПУАТ) №9, дзе палітвязень адбываў пакаранне. Рашэнне прымаў суддзя Дзяніс Аляксеенка.

Заяву ў суд аб замене пакарання на больш жорсткае ў дачыненні Ігара Банцэра падала адміністрацыя папраўчай установы. Музыку абвінавацілі ў парушэнні правілаў адбыцця пакарання. А менавіта ў тым, што палітвязень на некалькі хвілін спазніўся на адбой, быў непаголены і г.д.

Першапачаткова суд меўся адбыцца 23 верасня ў памяшканні суду Чыгуначнага раёну Віцебску. Але суддзя Дзяніс Аляксеенка прыняў рашэнне правесці выязное пасяджэнне ў папраўчай установе. На працэс збіралася прыйсці шмат людзей, некаторыя прыехалі нават з іншых гарадоў. Напэўна, гэта і паўплывала на рашэнне суддзі правесці паседжанне, па сутнасці, у закрытым рэжыме. На пачатку працэсу Банцэр папрасіў даць яму адваката і суддзя перанёс паседжанне на 29 верасня.

У выніку ў сераду 29 верасня суд вырашыў змяніць Ігару Банцэру ўмовы адбыцця пакарання на больш жорсткія: 1 месяц і 25 дзён палітвязень будзе адбываць у калоніі агульнага рэжыму. Пасля суду музыку змясцілі ў віцебскі СІЗА-2.

Музыкант Ігар Банцэр быў асуджаны 19 сакавіка на паўтара года «хіміі». На судзе віны не прызнаў. Падчас следства 5 месяцаў правёў у гарадзенскім следчым ізалятары. Адбываў пакаранне на «хіміі» ў Віцебску ад 17 чэрвеня. Мужчына 40 сутак правёў у штрафным ізалятары, некалькі разоў абвяшчаў галадоўкі. Паводле ягоных слоў, у яго была магчымасць з'ехаць з краіны, але ён вырашыў застацца.

Віталь Емяльянаў