Былыя зняволеныя ПК-4 распавялі выданню “Зеркало”, што Вольга Брыцікава, найверагодней, была ў спісах на вызваленне па памілаванні – у шэрагу тых зняволеных, якіх вывезлі ў Літву сёлета ў верасні. Паводле суразмоўніц выдання, Вольга катэгарычна адмовілася ад гэтага варыянту, бо хоча застацца ў Беларусі, нават калі для гэтага давядзецца адбыць увесь тэрмін.
Віцебскія абаронцы ведалі пра падзеі вакол вызвалення Вольгі Брыцікавай і раней, але гэтая інфармацыя была не публічнай. Паводле звестак “Віцебскай вясны”, тады ў спіс на вызваленне нечакана ўключылі іншага палітвязня, якому заставалася адбыць за кратамі ўсяго некалькі месяцаў.
У траўні 2022-га Вольга Брыцікава адбыла за кратамі запар 75 дзён за антываенныя выказваньні, агулам у той год абыла ў няволі 105 дзён. Лідарку незалежнага прафсаюзу зноў затрымалі 11 жніўня 2023 г. у межах крымінальнай справы, распачатай паводле ч. 2 арт. 361 Крымінальнага кодэкса (Заклікі да санкцый, іншых дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Беларусі).
Па звестках праваабаронцаў, следства безвынікова шукала доказы вінаватасці Брыцікавай, адпаведныя высунутаму абвінавачванню. У апошнія месяцы 2023 г. у Наваполацку масава затрымлівалі былых і цяперашніх работнікаў «Нафтана», у тым ліку ўдзельнікаў агульнанацыянальнага страйку, і распытвалі іх пра дзейнасць прафсаюзнай лідаркі. Але, падобна, доказаў супраць яе, каб прымяніць згаданы вышэй артыкул Крымінальнага кодэксу, так і не знайшлі.
8-га красавіка 2024 года Віцебскі абласны суд закрытым рэжыме асудзіў Вольгу да трох гадоў калоніі. Тады суддзя Галіна Бондал прызнала актывістку вінаватай толькі паводле ч. 1 арт. 130 КК.
11-га чэрвеня 2024 года Вярхоўны суд разгледзеў апеляцыйную скаргу Брыцікавай, але пакінуў яе без задавальнення, а прысуд без зменаў. 28 чэрвеня імя і прозвішча Вольгі Брыцікавай ўнеслі ў пералік грамадзян Беларусі, замежных грамадзян і асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці.
Напрыканцы чэрвеня Вольгу перавялі ў гомельскую ПК-4.
Праз некаторы час жанчыну судзілі зноў: супраць яе высунулі новыя крымінальныя абвінавачанні. Яе справу ў Віцебскім абласным судзе гэтаксама ў закрытым рэжыме разбіраў суддзя Яўген Буруноў. да прысуджанага раней тэрміну зняволення ёй дадалі яшчэ тры гады.
У снежні 2025 года Вольга Брыцікава стала лаўрэаткай праваабарончай прэміі ў намінацыі "Праваабарончая салідарнасць".
Вольга Валуева