Друкаваць гэтую старонку
Пятніца, 14 Жнівень 2026

Назіральная камісіся чарговы раз прызнала, што ў наваполацкай ПК -1 няма ніякіх парушэнняў

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

12 жніўня Рэспубліканская грамадская назіральная камісія пры Міністэрстве юстыцыі Рэспублікі Беларусь разам з Віцебскай абласной грамадскай назіральнай камісіяй пры галоўным упраўленні юстыцыі Віцебскага аблвыканкама прыязжала ў наваполацкую калонію з інспекцыяй.

“На думку камісій, умовы размяшчэння, харчавання, лячэння, арганізацыя вольнага часу, навучання асуджаных у ПК № 1 адпавядаюць патрабаванням, устаноўленым да сістэмы выканання пакаранняў. У ходзе гутаркі з асуджанымі скаргаў і нараканняў на працу адміністрацыі папраўчай установы і ўмовы размяшчэння, харчавання, лячэння, арганізацыю вольнага часу і навучання не паступала”, - адсправаздачыўся сайт Міністэрства юстыцыі.

Мінулы візіт у гэтую ўстанову Віцебскай абласной грамадскай назіральнай камісіі ў 2024 годзе скончыўся тым самым: чальцы камісіі праінспектавалі медсанчастку, краму, праваслаўны храм, пакой для спатканняў, бібліятэку і спартовую залю і прызналі, што інфраструктура забяспечвае базавыя патрэбы асуджаных.

У падобных справаздачах асобна адзначаецца, што назіральныя камісіі праводзяць гутаркі з асуджанымі, і тыя ні на што не скардзяцца. Можна толькі ўявіць, што зрабіла б адміністрацыя ўстановы з тымі, хто распавёў бы хоць нешта негатыўнае... Пра ўмовы ўтрымання ў наваполацкай калоніі праўду расказваюць хіба тыя, хто адтуль нядаўна вызваліўся.

Паводле іх сведчанняў, у ПК-1 існуе забарона на інтэлектуальную дзейнасць, парушаецца права на свабоду веравызнання, працаваць зняволеных прымушаюць нават у выходныя. Апроч гэтага, вязні пакутуюць узімку ад холаду, а ўлетку ад гарачыні, бо ім забараняюць апранаць цёплыя рэчы падчас халадоў і здымаць лішняе адзенне ў спёку.

на сённяшні дзень у наваполацкай калоніі ўтрымліваюць больш за 60 палітзняволеных, сярод іх незалежныя журналісты Андрэй Аляксандраў, Аляксандр Ігнацюк, Яўген Глушкоў, асуджаныя за сваю прафесійную дзейнасць.