Друкаваць гэтую старонку
Чацвер, 07 Май 2026

“Экстрэмісцкай” прызалі старонку ў Facebook мастака- палітвязня Алеся Пушкіна, які памёр у зняволенні

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Рашэнне пра гэта прыняў 4 траўня  суд Глусскага раёна Магілёўскай вобласці. 6 траўня старонку "Ales Pushkin" ўключылі ў “Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў”.

Менавіта Алесь Пушкін прынёс мастацкую славу Віцебску тым, што ў 1993 годзе ён адкрыў тут першую ў Беларусі прыватную  карцінную галерэю “У Пушкіна”. Яна праіснавала ў самым цэнтры горада па адрасе вул.Суворава, 2 да 1997 года. Тут праводзіліся выставы і перфомансы, збіралася творчая моладзь,  але ўлады вырашылі зачыніць яе, каб спыніць “вальнадумства”. Зачынена галерэя была гучна - пасля спробы правядзення з'езду беларускіх нацыяналістаў. Пасля закрыцця Алеся Пушкіна пасадзілі на 15 сутак.

 У Віцебску мастак супрацоўнічаў з тэатрам імя Якуба Коласа: займаўся мастацкім афармленнем спектакляў “Кароль Лір” У. Шэкспіра (рэжысёр В. Маслюк, 1994), «Фрокен Юлія» Ю. А. Стрындберга (рэжысёр А. Грышкевіч, 1997). Ужо пасьля ад’езду з Віцебска ён рабіў сцэнаграфію яшчэ да адной пастаноўкі коласаўцаў — «Палкоўніку ніхто не піша» Г. Г. Маркеса (2001).

З’ехаўшы з Віцебшчыны, Алесь Пушкін вяртаўся сюды па творчых нагодах яшчэ не раз. Менавіта ен прыклаў шмат высілкаў для ўшанавання памяці герояў знакамітай сярэднявечнай бітвы пад Оршай. Менавіта тут, падчас фэста беларускай бардаўскай песні і паэзіі , пазней забароненага ўладамі, ён быў некалькі разоў затрыманы разам з іншымі гледачамі і ўдзельнікамі, якія сабраліся ўшанаваць слаўную дату ў беларускай гісторыі.

У 1999 годзе мастака асудзілі на 2 гады пазбаўлення волі ўмоўна за акцыю-перформанс «Падарунак прэзідэнту», якую правёў 21 ліпеня 1999 года ля прэзідэнцкай адміністрацыі ў цэнтры Мінску.

Падчас пратэстаў супраць вынікаў прэзідэнцкіх выбараў у 2020 годзе яго моцна збілі і кінулі на некалькі сутак на Акрэсціна.

Другі раз паводле крымінальнага абвінавачання Алеся Пушкіна асудзілі да 5 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі строгага рэжыму. 30 сакавіка 2022 года суд прызнаў яго вінаватым у рэабілітацыі нацызму (артыкул 130-1 КК) і здзеку з дзяржаўных сімвалаў (артыкул 370 КК). Прычынай пераследу стала карціна – партрэт удзельніка антысавецкага супраціву Яўгена Жыхара.

 11 ліпеня 2023 года ноччу палітвязень памёр у рэанімацыі праз несвоечасова аказаную медыцынскую дапамогу пры прабадной язве.

Станіслаў Іваноўскі