Друкаваць гэтую старонку
Аўторак, 31 Сакавік 2026

Несапраўднымі прызнаны пашпарты яшчэ двух экс-палітвязняў з Віцебска

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Пасля праверкі праз сайт Міністэрства ўнутраных спраў высветлілася, што пашпарты журналіста Вячаслава Лазарава (на фота)   і праграміста Паўла Нікіценкі з’яўляюцца нядзейнымі дакументамі.

Лазарава і Нікіценку вызвалілі  11 верасня мінулага года па памілаванні, якое адбылося у выніку сустрэчы Лукашэнкі з амерыканскай дэлегацыяй, у складзе якой быў Джон Коўл, прадстаўнік прэзідэнта ЗША Трампа. Абодва экс-палітвязні – вымушаныя палітэмігранты: пасля вызвалення  іх прымусова вывезлі ў Літву. Ануляванне пашпартоў – гэта працяг рэпрэсій супраць тых, каго на радзіме асудзілі па палітычна матывываных “крыміналках”.

Вячаслаў Лазараў - журналіст, відэааператар-фрылансер. Віцебскі абласны суд першапачаткова прызнаў яго вінаватым у садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці (арт. 361–4 КК РБ) і асудзіў да 5 з паловай гадоў  калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Але  Вярхоўны суд перакваліфікаваў абвінавачанне  і пастанавіў пакараць журналіста за ўдзел у экстрэмісцкім фармаванні (арт. 361–1 КК РБ ) 5-цю гадамі зняволення ў калоніі ва ўмовах звычайнага рэжыму ўтрымання.

Павел Нікіценка быў асуджаны да 4 з паловай гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Судовы працэс быў закрыты, але вядома, што мужчыну асудзілі па 6 артыкулах Крымінальнага кодэкса:

- ч. 3 арт. 203-1 (парушэнне таямніцы перапіскі, тэлефонных перамоваў, тэлеграфных ці іншых паведамленняў),

- ч. 3 арт. 293 (навучанне і іншая падрыхтоўка асобаў для ўдзелу ў масавых беспарадках), 

- арт. 342 (актыўны ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак),

-ч. 1 арт. 361-1 (кіраўніцтва экстрэмісцкім фарміраваннем), 

- арт. 368 (абраза прэзідэнта Рэспублікі Беларусь),

- арт. 369 (абраза прадстаўніка ўлады). 
Апрача гэтага, суд пакараў Нікіценку штрафам у памеры 3200 рублёў і задаволіў  патрабаванні аднаго з пацярпелых - прысудзіў кампенсацыю маральнай шкоды на суму 1000 рублёў.


Учора пра “нядзейны” статус свайго пашпарту паведаміў  экс-палітвязень з Барані Дзмітрый Казлоў ( блогер Шэры Кот). Ён выйшаў з-за кратаў у адзін дзень з Лазаравым і Нікіценкам і таксама быў дэпартаваны. 

Дзмітрый Казлоў - жыхар Барані, невялікага гарадка пад Оршай, блогер і грамадскі актывіст, заснавальнік YouTube-канала «Серый кот». Магілёўскі абласны суд прызнаў яго і яшчэ шасцярых актывістаў «Еўрапейскай Беларусі» вінаватымі ў падрыхтоўцы да ўдзелу ў масавых беспарадках (ч. 1 арт. 13 і ч. 2 арт. 293 КК РБ). Яго асудзілі да 4 з паловай гадоў зняволення, але літаральна за адзін дзень да выхаду з-за кратаў адбыўся яшчэ адзін суд, і Казлову і дадалі яшчэ адзін год зняволення - нібыта за непадпарадкаванне адміністрацыі калоніі (артыкул 411 КК).

Ірына Прытыцкая