Друкаваць гэтую старонку
Аўторак, 31 Сакавік 2026

Экс-палтвязень Дзмітрый Казлоў (блогер Шэры Кот) даведаўся, што яго пашпарт ануляваны

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Былы палітзняволены Дзмітрый Казлоў, які 11 верасня 2025 года быў вызвалены  і прымусова вывезены з Беларусі, праверыў статус свайго беларускага пашпарта. Вынік уразіў: дакумент прызнаны несапраўдным.

Некаторых былых палітвязняў вывозілі з Беларусі без пашпартоў і дакументаў пра вызваленне, але ў Дзмітрыя гэты асабісты  дакумент якраз-такі быў пры сабе. 30 сакавіка экс-палітвязень вырашыў праверыць яго статус  праз сайт Міністэрства ўнутраных спраў. І ўбачыў, што яго пашпат ужо несапраўдны.

“Теперь я тоже официально уже не беларус, а неведомая х**ня,”- напісаў блогер у сваім Тэлеграм-канале. Па ягоных звестках, несапраўднымі аказаліся пашпарты яшчэ ў некалькіх экс-палітзняволеных, якіх прымусова дэпартавалі пасля вызвалення па памілаванні пры садзеянні ЗША. Але пра  афіцыйнае  пазбаўленне беларускага грамадзянства  ніхто з іх нічога не ведае. 

Ураджэнец  горада Барань Дзмітрый Казлоў  правёў за кратамі 5 гадоў і 3 месяцы быў затрыманы ў чэрвені 2020 г.  Яго асудзілі да 5 гадоў калоніі, прызнаўшы вінаватым  паводле ч. 1 арт. 13 і ч. 2 арт. 293 КК РБ (Падрыхтоўка да ўдзелу ў масавых беспарадках). Але тэрмін  пакарання скончыўся, а на волю Дзмітрый не выйшаў: яго асудзілі другі раз - ужо за злоснае непадпарадкаванне адміністрацыі калоніі (арт.411 КК РБ),  і дадалі яшчэ адзін год зняволення.

У Беларусі Дзмітрый Казлоў вядомы як блогер Шэры Кот. У 2017 годзе ён заснаваў YouTubе -канал з такой назвай, дзе размяшчаў стрымы з розных палітычных акцый. Яшчэ да затрымання па крымінальнай справе блогер стаў «рэкардсмэнам» па адміністрацыйных арыштах – адбыў у няволі 120 сутак практычна буз перапынкаў. 

На наступны дзень пасля вызвалення  11 верасня 2025 г. Казлоў абвясціў пра стварэнне новага YouTubе -канала. Два старыя відэарэсурсы ("Серый Кот" і "Серый Кот Стримы"), створаныя ім яшчэ да зняволення, былі прызнаны “экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыяй”.

Ірына Прытыцкая