Зварот у Міністэрства адукацыі палітвязень накіраваў неафіцыйным шляхам, бо адміністрацыя калоніі не прапускае скаргі. Пасля гэтага Аляксандра выклікалі на допыты, патрабавалі растлумачыць, як ён змог адправіць зварот, і змясцілі ў ШІЗА. У знак пратэсту ён аб'явіў галадоўку і 11 дзён нічога не еў, піша рэсурс dissidentBY .
Пасля гэтага палітвязня этапавалі ў наваполацкую ПК-1, дзе зноў адправілі ў ШІЗА. Аляксандр Камлёнак знаходзіцца за кратамі ўжо два гады. У жніўні 2024 года ён быў асуджаны да трох гадоў пазбаўлення волі па двух крымінальных артыкулах - абраза Лукашэнкі і фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці. Першапачаткова мужчыну вінавацілі яшчэ і паводле арт. 369 КК (Абраза прадстаўніка ўлады), але ў канчатковым выраку гэты артыкул ужо не фігуруе. Гэта стала вядома пасля таго, як 16 лістапада 2024 г. імя і прозвішча Аляксандра Камлёнка з'явілася ў пераліку асобаў, «датычных да экстрэмісцкай дзейнасці», на сайце МУС.
Камлёнак быў затрыманы ў лютым 2024 г., калі ён вярнуўся ў Беларусь з-за мяжы: мужчына быў дальнабойнікам у заходніх краінах. Раней Аляксандр працаваў у лакаматыўным дэпо, але пасля 2020 года быў або звольнены, або сам звольніўся — падобна, што звальненне было палітычна матываваным.
17 траўня 2024 г. суд Верхнядзвінскага раёна прызнаў "экстрэмісцкай" старонку Аляксандра ў "Аднакласніках".
Іван Чайка