Журналіста вызвалілі з магілёўскай папраўчай калоніі № 15, дзе ён адбываў тэрмін зняволення, прысуджаны яму за супрацоўніцтва з тэлеканалам «Белсат». Увосень 2023 года Лазарава разам з жонкай асудзілі паводле часткі 3 артыкула 361-1 КК РБ, яму належала адбыць за кратамі 5 гадоў. Але 2 месяцы таму ен апынуўся на волі – праўда, далёка ад радзімы з вельмі прывіднай магчымасцю вярнуцца.
Паводле Вячаслава Лазарава, у яго на руках няма аніякіх дакументаў, якія акрэсліваюць ягоны цяперашні статус – няма нават даведкі аб вызваленні, якую патрабуе крымінальна-выканаўчая інспекцыя. Увогуле ж беларускае заканадаўства не прадугледжвае прымусовага вывазу за мяжу па вызваленні. Таму супрацоўнік КВІ, атрымаўшы паперы з калоніі пра вызваленне Лазарава, усё зрабіў згодна з інструкцыяй: выклікаў былога зняволенага для пастаноўкі на ўлік. Інструкцыі на той выпадак, калі чалавека пад прымусам вывезлі ў замежжа, беларуская міліцыя не мае, бо гэтыя дзеянні незаконныя.
Дарэчы, выпадак з Лазаравым не адзіны ў Віцебску. Такую ж позву атрымалі сваякі яшчэ аднаго віцебскага палітвязня - Паўла Нікіценкі, гэтаксама дэпартаванага ў Літву 11 верасня. Яго таксама выклікалі ў крымінальна-выканаўчую інспекцыю РАУС Кастрычніцкага раёна Віцебска.
Андрэй Рагоза