Гэта ўжо другі працяглы тэрмін зняволення праваабаронцы, не лічачы шматлікіх адміністрацыйных арыштаў. Мінулым разам, падчас адбыцця пакарання ў бабруйскай калоніі з 2011 па 2014 год, як казалі сябры Алеся Бяляцкага, у яго не было вялікіх праблемаў са здароўем. Тады ў калоніі Бяляцкі працаваў на шыцці пальчатак, меў спатканні з сваякамі і атрымліваў пасылкі з дому.
Гэтым разам адразу пасля змяшчэння ў горацкую калонію праваабаронцу накіравалі працаваць на цяжкую вытворчасць — на дрэваапрацоўку, і неўзабаве ў яго ўзніклі складанасці са здароўем з’явіліся.Як стала вядома Радыё Свабода, зняволенага нобелеўскага лаўрэата гэтым летам вазілі на аперацыю ў турэмны шпіталь у Калядзічах пад Мінскам.
«Ведаем, што аперацыя была на нагах, але якая дакладна — невядома. І нібыта аперацыя прайшла нармальна, інакш бы яго не вярталі ў калонію гэтак хутка. А яго вярнулі, ён зноў у атрадзе. Але ці зноў працуе Алесь на дрэваапрацоўцы, ці дзе ў іншым месцы, невядома», — расказала пра Бяляцкага крыніца, якая прасіла захаваць ананімнасць.
Пра ўмовы, у якіх жыве і працуе Алесь Бяляцкі ў калоніі, звестак няшмат, бо кантакты з ім адміністрацыя калоніі максімальна абмяжоўвае. Са снежня 2024 года ад праваабронцы няма лістоў, а апошнюю паштоўку ад яго атрымалі ў канцы года.
«У мяне ўсё нармальна, не хвалюйцеся», — напісаў тады Алесь Бяляцкі.