Друкаваць гэтую старонку
Панядзелак, 25 Жнівень 2025

Былы палітвязень распавёў пра збіццё і жорсткія ўмовы ў наваполацкай калоніі

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Ён трапіў у турму за каментар — і, як і сотні іншых, быў асуджаны на некалькі гадоў зняволення. Са словаў мужчыны, у беларускіх калоніях палітвязні сутыкаюцца з ціскам і прадузятым стаўленнем толькі таму, што стаяць на дзясятым "экстрэмісцкім" прафілактычным уліку.Тэрмін зняволення яму давялося адбываць у двух розных калоніях, і паводле параўнання ўмоваў, у наваполацкай ПК-1 стаўленне да сябе ён спазнаў куды больш жорсткае.

Таксама Аляксандру ( імя зменена дзеля бяспекі)  давялося пабываць у  ШІЗА ў абедзьвюх калоніях. Ен кажа, што ў калоніі № 1  умовы былі горшыя за ўсё.

"Мяне адправілі ў ШІЗА ў студзені, калі на вуліцы было мінус 27. Перад гэтым у мяне забралі ўсё адзенне — выдалі тэпцікі ды сваю лёгенькую форму. Калі я зайшоў у ШІЗА, то адразу зрабіў крок назад і сказаў, што там немагчыма знаходзіцца. Камера цалкам не ацяплялася. Я прасіў перавесці мяне ў іншую камеру, бо ў мяне і так назіраліся праблемы са здароўем, а тут я проста змерзну. Я прасіў дзень ці два мяне перавесці, таму што там немагчыма было знаходзіцца — ты практычна жывеш на вуліцы ў такі мароз, - распавёў Вясне былы палітвязень. - Але матам мне адказалі, што з ШІЗА я выйду не толькі са сваімі хваробамі, але і з сухотамі, гемароем ды іншымі хваробамі... Нас чалавек пяць ці шэсць з мацюкамі і абразамі выгналі ў прагулачны дворык, расцягнулі каля сцяны і проста пачалі збіваць дручкамі па нагах, па спіне. Нас расцягвалі, мы падалі, таму што ногі не трымаюць, яны зноў падымаюць з крыкамі, ці ёсць у нас яшчэ пытанні і мы можа быць ужо сагрэліся? Там яшчэ ў дворыку сцяна няроўная, я калі падаў, пашкодзіў аб яе галаву, былі вялікія абдзерыны на галаве. У ШІЗА было настолькі холадна, што, калі я заплюшчваў вочы, мне здавалася, што ў мяне сэрца б'ецца вельмі павольна, і я думаў, што гэта канец. Таксама ад холаду ў мяне былі галюцынацыі ў выглядзе агню ў камеры, каля якога можна сагрэцца".

Пра тое, як няпроста атрымаць медычную дапамогу ў наваполацкай калоніі, як там працуюць палітзняволеныя, як у адносінах да іх парушаюцца рэжымы перадач і тэлефанаванняў, можна пачытаць тут.

На думку Аляксандра, абавязкова “трэба даваць агалоску, што людзей катуюць і збіваюць”. Бо ў калоніях больш за ўсё баяцца, што такая скандальная інфармацыя выйдзе за сцены рэжымнай установы, што пачнуцца праверкі. Аляксандр перакананы, што публічнасць можа абараніць тых, хто яшчэ за кратамі.