Друкаваць гэтую старонку
Серада, 18 Чэрвень 2025

5 гадоў, як у няволі знаходзіцца Віктар Бабарыка

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Раніцай 18 чэрвеня 2020 г. тагачасны прэтэндэнт на ўдзел у прэзідэнцкіх выбарах Віктар Бабарыка разам з сынам Эдуардам накіраваліся  перадаць чарговую частку подпісаў, сабраных за вылучэнне экс-банкіра кандыдатам. Да таго моманту было сабрана 425000 подпісаў, і патрэбныя паўмільена былі цалкам рэальнай мэтай.  Але Бабарыка з сынам перасталі адказваць не званкі... У гэты ж дзень Віктар Бабарыка быў змешчаны ў СІЗА КДБ.

21 чэрвеня Віктару Бабарыку было прад'яўленае абвінавачванне па ч. 2 арт. 243 ("Ухіленне ад выплаты сум падаткаў і збораў, што пацягнула шкоду ў асабліва буйным памеры"), ч. 2 арт. 235 ("Легалізацыя сродкаў, здабытых злачынным шляхам, здзейсненае паўторна, альбо службовай асобай з выкарыстаннем сваіх службовых паўнамоцтваў, альбо ў асабліва буйным памеры"), а таксама па ч. 2 арт. 431 ("Дача хабару паўторна альбо ў буйным памеры").

 Віктар Бабарыка быў "катэгарычна не згодны з прад'яўленым абвінавачваннем", а яго абаронцы настойвалі "на яго поўнай невінаватасці".

 Пазней абвінавачванне па ч. 2 арт. 431 КК ("Дача хабару паўторна або ў буйной суме") было перакваліфікавана на ч. 3 арт. 430 ("Атрыманне хабару ў асабліва буйным памеры, альбо арганізаванай групай, альбо асобай, якая займае адказнае становішча"). Таксама яму было прад'яўленае абвінавачанне па ч. 2 арт. 235 ("Легалізацыя ("адмыванне") сродкаў, атрыманых злачынным шляхам у асабліва крупным памеры").

Прысуд палітычнаму вязню быў вынесены амаль праз год. Віктара Бабарыку прызналі вінаватым паводле арт. 235 Крымінальнага кодэкса — Легалізацыя ("адмыванне") сродкаў, атрыманых злачынным шляхам і арт. 430 Крымінальнага кодэкса — Атрыманне хабару. Яму прызначылі пакаранне ў выглядзе 14 год зняволення. Віктара Бабарыку  ўтрымліваюць у наваполацкай ПК №1.