На сайце МУС пералічаны інтэрнэт-рэсурсы, сярод якіх - і асабістыя старонкі Філіпа Шаўрова: акаўнт у Тэлеграм «Pilip Šaúroú», Тэлеграм-каналы «Беларусы Варшавы. Палітыка.», «ŠAŬROŬ LIVE», «Каментатарская 3», «Teksty_Šaŭroŭ», «NEFARMAT», Уoutube-канал «19 канал», старонка ў Фэйсбуку «Піліп Шаўроў» старонка ў «Х» «Pilip Šaŭroŭ».
Філіп Шаўроў лічыць сябе незалежным палітыкам, які выступае і супраць дзейных беларускіх уладаў, і супраць сучасных апазіцыйных структур. Ен былы “маладафронтавец”, пра яго самастойную дзейнасць стала вядома пасля таго, як ў студзені 2020 года ён пафарбаваў у чырвоны колер далоні помніка Пушкіну ў Мінску. Пасля ён сам прыйшоў у міліцыю і распавёў пра свой учынак. У Шаўрова прайшоў вобшук, праз некалькі дзён яму было прад’яўлена першае абвінавачанне - у хуліганстве ( ч.1 арт. 339 КК РБ). Пазней яму выставілі абвінавачанні яшчэ за два эпізоды: ён намаляваў бел-чырвона-белы сцяг на помніку загінулым пры выкананні доўгу міліцыянтам і вайскоўцам унутраных войскаў МУС Беларусі ( ч. 1 арт. 339 КК) і напісаў «Свабоду Севярынцу»( ч. 2 арт. 339 КК. 16 красавіка 2020 года быў прызнаны палітычным зняволеным.
Суд над Шаўровым пачаўся 18 траўня. Сваю віну хлопец прызнаў часткова: толькі частку 1 артыкула 339 Крымінальнага кодэкса. Ён адмаўляў, што дзейнічаў з хуліганскіх меркаванняў - заявіў, што праз свае дзеянні ён выказваў сваю грамадзянскую пазіцыю. Сказаў, што размаляваў помнік Пушкіну, бо не згодны са знешняй палітыкай Расійскай Федэрацыі. Але сказаў, што раскайваецца ў сваіх дзеяннях. Суд Цэнтральнага раёна Мінска пакараў Шаўрова штрафам у памеры 1350 рублёў.
Філіп Шаўроў родам з Віцебска. Па адукацыі ён юрыст. Быў актывістам "Маладога фронту" і іншых арганізацый, удзельнічаў у “Курапацкай варце”. Кажа, што яшчэ ў школе стаў займацца грамадскай дзейнасцю. Служыў у беларускім войску з 2016 да 2017 года. Быў гранатамётчыкам. У 2020 годзе, пасля таго як трапіў пад рэпрэсіі, Шаўроў з’ехаў за мяжу.
Аляксей Разумаў