Падставай для крымінальнай справы сталі 10 фотаздымкаў, якія Уладзімір Булаўскі размясціў ў сацсетках ВКонтакте и Instagram на працягу 2014- 2021 гадоў. На гэтых здымках былі бел-чырвона-белыя сцягі, і суд расцаніў гэта як правядзенне несанкцыянаванага пікетавання. Раней, на працягу бягучага году, Булаўскі таксма быў асуджаны за несанкцыянаванае пікетаванне. Супраць яго былі распачатыя адміністрацыйныя справы паводле арт. 24.23 КаАП, якія скончыліся для музыкі і артменеджара арыштамі на 15 і 30 сутак.
Уладзімір Булаўскі, вядомы ў Віцебску арганізатар выступаў беларускіх выканаўцаў і гуртоў, быў затрыманы 14 снежня мінулага году і асуджаны да 15 сутак арышту паводле абвінавачання ў «распаўсюдзе экстрэмісцкіх матэрыялаў». Але на волю ён не выйшаў: супраць яго распачалі крымінальную справу і перавялі ў віцебскі СІЗА-2. Тамсама ён знаходзіўся і пасля суду, пакуль не было вызначана месца, дзе ён мае адбываць пакаранне.
6 лютага 2023 года беларуская праваабарончая супольнасць прызнала Уладзіміра Булаўскага палітычным зняволеным.
Падтрымаць лістамі палітвязня можна, напісаўшы на адрас: 213800, г. Бабруйск, вул. Сікорскага, 1, Булаўскаму Уладзіміру Ігаравічу.
Таццяна Віктарава