Друкаваць гэтую старонку
Чацвер, 21 Кастрычнік 2021

Выйшаў на волю палітвязень Дзмітрый Фурманаў – першы з асуджаных па справе Ціханоўскага

Ацаніць гэты матэрыял
(2 галасоў)

Выйшаў на волю палітвязень Дзмітры Фурманаў, які праходзіў у «справе Ціханоўскага». Палітвязень вызваліўся з папраўчай калоніі №3, якая знаходзіцца ў пасёлку Віцьба Віцебскага раёну. Ён быў затрыманы ў канцы траўня 2020 году ў Горадні і асуджаны да двух гадоў калоніі. У тэрмін адбывання пакарання быў залічаны час, праведзены ў СІЗА, перадае Радыё Свабода.

Дзмітрыя Фурманава затрымалі 29 мая 2020 году ў Горадні, ён быў зборшчыкам подпісаў за Святлану Ціханоўскую. Прычым яго забралі проста разам з крэслам, на якім ён сядзеў, збіраючы подпісы.
Яго абвінавацілі паводле ч. 1 арт. 342 КК ("Удзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак"). Па словах пракурора, Фурманаў дапамагаў шукаць Ціханоўскаму саўдзельнікаў за ўзнагароджанне.

Пасля затрымання мама і дзяўчына Дзмітрыя абвясцілі галадоўку ля сцен Валадаркі, галадоўка доўжылася шэсць дзён.

Суд над Фурманавым праходзіў у Горадні. Падчас судовага следства Фурманаў правёў некалькі тыдняў у карцары турмы № 1. Пасля вынясення прысуду яго накіравалі ў п. Віцьба ў калонію №3 адбываць пакаранне.

Разам з ім па судовай справе праходзілі Уладзімір Кніга і Яўген Разнічэнка, ім далі па чатыры і тры з паловай гады адпаведна.

З 3 верасня Дзмітрый знаходзіўся ў камеры адзін без перадач і магчымасці адпраўляць і атрымліваць лісты. Карцар яму працягвалі аж да вызвалення.