Друкаваць гэтую старонку
Серада, 29 Чэрвень 2016

Былы пацыент ЛПП: Ніякага лекаваньня там няма. Абмежаваньне волі, – і ўсё!

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)
Вячаслаў Жаркі Вячаслаў Жаркі

Сыстэма лячэбна-працоўных прафілякторыяў, якая існуе ў Рэспублікі Беларусь, даўно сябе зжыла і маральна састарэла. ЛПП не адказваюць выклікам нашага часу, не вырашаюць праблемы алькагалізацыі насельніцтва, але разам з тым парушаюць цэлы шэраг асноватворных прынцыпаў правоў чалавека. Сьведчаньнем таму можа служыць аповед жыхара Гарадка Вячаслава Жаркога, які двойчы прайшоў праз сыстэму ўзаконеных дзяржавай абмежаваньняў грамадзянскіх правоў.

Вячаслаў, распавядзіце нашым чытачам, што стала прычынай вашай ізаляцыі ў ЛПП.

Справа была якраз перад «Дажынкамі – 2014». Наш мясцовы міліцыянт убачыў мяне, як піў піва ў краме. Калі я адтуль выйшаў, на дварэ мяне ўжо чакала міліцэйская машына, амапавец і гэты мент. «Піў?» – Пытаецца. «Піў», – адказваю. Варта толькі раз аказацца ў нецьвярозым стане і трапіць у поле зроку міліцыі, цябе пачынаюць «пасьвіць». Не паглядзяць нават на тое, што ты, прыкладам, з гасьцей ідзеш у лёгкім падпітку. У пратаколе ўсё адно напішуць: «Меў неахайны выгляд, хістаўся з боку ў бок...» А з пратаколам не згаджацца – сабе даражэй: паедзеш на суткі. Пагодзісься – адкараскаесься дзьвюма-трыма базавымі. Тры прывады, чацьвёрты кантрольны – і пастановай суду на прымусовае лекаваньне ў ЛПП. А там жа ня лечаць, там калечаць. У маім выпадку не паглядзелі нават на тое, што я даглядаю васьмідзесяцігадовую маці.

Скажы, якія катэгорыі насельніцтва трапляюць на так званае «прымусовае лекаваньне»?

Хто трапляе? Ды розныя людзі. Была, напрыклад, там катэгорыя, якую мы называлі «піўныя хлопчыкі». У парку піва папіў, каля пад'езду піва папіў, трапіўся – і ў ЛПП. Яму дзевятнаццаць гадоў ад роду, а ён свой дзень народзінаў ў ЛПП сустракае. Што зь яго пасьля такой школы будзе? Калі ён ня ведаў, што такое бальзам «Масковія», ламівіт, настойка глогу, то там яго хутка навучаць.

Былі ў нас і бамжы, якім у ЛПП за шчасьце зіму пракантавацца. Пасьцель чыстая, раз на тыдзень бялізну памяняюць, пайка якая-ніякая ёсьць, у лазьню штотыдзень зводзяць. У нас у брыгадзе, напрыклад, можна было па прыезьдзе з працы мыцца хоць кожны дзень. Звычайна бамжы траплялі якраз па восені.

З тых, хто знаходзіцца ў ЛПП, восемдзесят адсоткаў судзімых. Былі і самавітыя людзі: журналіст з дзьвюма вышэйшымі адукацыямі, былы вайсковец, палкоўнік у адстаўцы. Выйшаў ён на пэнсію – запіў ад няма чаго рабіць. Жонка здала. Калі ён заехаў у ЛПП, у яго на картцы было каля пяці тысяч даляраў, якія ён выручыў ад продажу машыны. Кантынгент шырокі: ад 18 да 60 гадоў.

Зразумела, што людзі, якія трапілі на «прымусовае лекаваньне», маюць алькагольную залежнасьць, і іх трэба лячыць. Дык як жа лечаць у ЛПП?

Ніякага лекаваньня там не было: абмежаваньне волі, – і ўсё! Цэлы год у ролі «ІП» – ізаляванага правапарушальніка. Пры паступленьні ў ЛПП – два тыдні карантыну. Некаторыя, праўда, калі месцаў бракуе, маглі жыць там і па месяцы. Бывае, паступае чалавек пасьля працяглага запою, аднак ніякай кропельніцы яму не паставяць. Рабілі, нейкія ўколы. Якія – ня ведаю. І на гэтым – усё.

Нават у выпадку нейкай немагаты трапляць у санчастку ніхто асабліва не імкнуўся – сабе даражэй, асабліва калі ты на расканвойцы. На працу ня выйдзеш, дзень губляеш, адпаведна і ў заробку страціш. Атрымліваецца, што ў ЛПП чалавек проста тупа ізалюецца, а лекаваньня ніякага. Быў у нас чалавек, які трынаццаць разоў трапляў у ЛПП – такі вось эфэкт ад лекаваньня.

Значыць, атрымліваецца, што лечаць толькі працай?

Адно шчасьце, калі трапіш на «расканвойку». Мне пашанцавала. Езьдзіў працаваць у Бешанковічы, у Віцебску сайдынгам абшываюць краму. Заехаў 10-га лістапада, а 13 сьнежня ўжо быў на працы. Я ж па спэцыяльнасьці цясьляр. Але так шанцуе ня ўсім: з 600 чалавек на працу выяжджала ня больш за сотню у дзень. Астатнія займаліся руцінай – чысьцілі дрот ад ізаляцыі, які прывозілі з кабельнага заводу. Пры такім раскладзе у месяц зараблялі на два пачкі цыгарэт. Пры выхадзе на працу ператрус, пасьля вяртаньня – тая ж працэдура. Хто сядзеў, казаў, што той самы агульны рэжым.

І колькі табе плацілі за тваю працу?

Плацілі мне за маю месячную працу два мільёны сто тысяч "бруднымі". Пасьля ўсіх вылікаў заставаўся адзін мільён дзевяцьсот тысяч, зь якіх на рукі давалася дваццаць пяць працэнтаў – гэта дзесьці 410-420 тысяч. На гэтую суму можна было атаварвацца ў краме. Абмежаваньняў на пакупкі няма. Праўда, нацэнка на тавар складала пятнаццаць адсоткаў. Астатнія грошы ішлі на аплату за харчаваньне і ўтрыманьне.

Падзяліся тым, як кормяць пацыентаў ЛПП. Ці хапае ежы?

Галодны ніхто ня ходзіць. Праўда, калі я ў першы раз там быў, то восем месяцаў па раніцах кармілі адной манкай. А так звычайна курэй прывозяць, што знасіліся ад старасьці, якіх ужо нельга прадаць. Мы нават з гэтай нагоды жартавалі: «Зразумець можна: пакуль з Гарадка дойдуць да Віцебску пешшу – схуднеюць». А ўвечары, прыкладам, салака салёная або камса. Давалі яе і з бульбай, і з кашай. Найчасьцей з кашай. Пасьля чаго на волі я ня тое, што есьці яе не хачу, я на яе глядзець не магу. Ежа гатуецца на маргарыне не найлепшай якасьці.

Калі ў мяне абвастрылася язва, паўгода сядзеў на дыеце. Па дыеце належаў раніцай кавалачак масла і шклянка малака, у абед і ўвечары еў тое самае, што і ўсе. Вось і ўся дыета. З дэлікатэсаў: у аўторак і пятніцу з раніцы па яйку. Калі з волі «падагрэву», дапамогі ніякай няма, то прыходзіцца нялёгка.

Скажы некалькі словаў пра тое, як быў арганізаваны ваш побыт і вольны час?

У пакоі ў нас быў дваццаць адзін чалавек, ложкі разьмешчаныя ў два ярусы. Праход з атрада ў атрад зачынены.

На месяц давалася пяць прыбораў для станкоў, якімі галіцца было практычна немагчыма. Калі памятаеце, былі лёзы «Нява» – рыхт у рыхт. Апроч таго, на месяц выдавалі кавалак гаспадарчага мыла і паўкавалачка туалетнага. Іншы раз гаспадарчае мыла мела даволі спэцыфічны пах.

Абмежаваньняў на атрыманьне пасылак няма, прагляд тэлеперадач дазволены ў нядзельныя дні. У будні – толькі ў пэўны час пасьля пяці. DVD ёсьць – з волі прывозяць дыскі, якія папярэдне праглядае прадстаўнік адміністрацыі, вызначае, ці можна дапускаць да прагляду.

Кароткатэрміновае спатканьне з роднымі можна хоць кожны дзень. За доўгае (трохдзённае) спатканьне трэба плаціць.

Кожны тыдзень прыяжджае праваслаўны бацюшка, ахвотныя ходзяць на службу. Працуе там і псыхоляг, дапамагае разабрацца ў нейкіх асабістых псыхалягічных праблемах. На працу безь візыту да псыхоляга цябе ніхто ня пусьціць.

А як ставіліся да ізаляванага правапарушальніка адміністрацыя і супрацоўнікі ЛПП?

Стаўленьне супрацоўнікаў, кантралёраў і адміністрацыі нармальнае, усе зьвярталіся на «вы». Хаця калі супрацоўнік кагосьці зьнялюбіць, на працу цябе не выпусьцяць. Не дай бог таксама, калі ўчастковы ў характарыстыцы напісаў «схільны да ўцёкаў», – выхаду на працу таксама не атрымаеш. А калі ўжо і з волі дапамагчы няма каму – скруха сьмяротная. Ёсьць там і дысцыплінарны пакой – ізалятар, куды на дзесяць сутак могуць зьмясьціць таго, хто правініўся. Пры дзьвюх-трох адмовах ад працы могуць дадаць два-тры месяцы дадатковага знаходжаньня. За ўцёкі наогул можна дастаць да паўгода дадатку. І такія выпадкі былі. Праўда, быў у нас мужык: не спадабалася яму нешта, ірвануў праз плот – і з канцамі. Я сыходзіў, яго так і не знайшлі.

Зь якімі адмоўнымі наступствамі знаходжаньня ў ЛПП сутыкаецца пасьля выхаду на волю былы пацыент?

Пасьля ЛПП мне цяпер, як цесьляру, нельга працаваць на вышыні, допуск ніхто ня дасьць. А я ж магу крыць дахі. Цяпер адна дарога: мятлу ў рукі і месьці. Тры гады будзеш стаяць на ўліку. Хто быў шафёрам – усё, пра сваю шафёрскую кар'еру можна забыцца.

С. Горкі