Друкаваць гэтую старонку
Пятніца, 15 Снежань 2017

У Полацку прайшла вечарына-сустрэча з Паўлам Севярынцам

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Прэзэнтацыя “Беларусаліма” для аўтара была ня першай, але ў Полацку сталася для яго падзеяй асаблівай. Пра гэта сказаў 12 сьнежня на сустрэчы з палачанамі сам Павал Севярынец.

Кніга “Золак” зьяўляецца першай у заплянаванай трылёгіі. Тут Полацку прысьвечаны асобны разьдзел. Грэка-каталіцкая царква, што месьціцца непадалёку ад таго месца, дзе адбывалася прэзэнтацыя, таксама зьяўляецца месцам падзеяў у рамане. Гэтыя акалічнасьці наклалі адметны адбітак на ход сустрэчы.

Прысутныя пачулі – некаторыя, мабыць, упершыню – пра многіх грамадзка-палітычных і рэлігійных дзеячоў беларускай гісторыі, у тым ліку часоў беларускага адраджэньня, якія трымаліся хрысьціянскіх каштоўнасьцяў. Даведаліся пра погляды аўтара і яго паплечнікаў з БХД на сучаснае палітычнае і эканамічнае становішча грамадзтва і спосабы яго паляпшэньня, змаглі атрымаць адказы на свае пытаньні.

Некаторыя прыйшлі са сваімі праблемамі, бо ня могуць іх вырашыць, прайшоўшы не адзін раз па коле беларускіх чыноўнікаў. Прысутнічалі на сустрэчы мясцовыя прыхільнікі БХД. Тут можна было пагартаць іншыя кнігі Паўла Севярынца, кнігі па гісторыі хрысьціянка-дэмакратычнага руху на Беларусі, яго лідэраў і шараговых удзельнікаў, большасьць зь якіх пацярпелі ад рэпрэсіяў.

Аб тым, што з тых часоў улада ня надта зьмянілася, засьведчылі сваёй прысутнасьцю маці палітычных ахвяраў цяперашняга рэжыму Тараса Аватарава і Аляксандра Францкевіча.

Прысутныя падзякавалі Паўлу за яго мужнасьць ў грамадзкай дзейнасьці, выказалі словы падтрымкі яму і яго сям’і. Завяршылася сустрэча гарачай гарбатай.

Аляксандар Марозаў