Друкаваць гэтую старонку
Панядзелак, 26 Ліпень 2021

Полацкая праваабарончая ўстанова пад пагрозай закрыцця

Ацаніць гэты матэрыял
(8 галасоў)

Як стала вядома, 15 ліпеня 2021 году дырэктар таварыства з абмежаванай адказнасцю "Савіка" А. Гуйвік паведаміў кіраўніку Цэнтру інфармацыйна-прававой падтрымкі сацыяльна ўразлівых груп насельніцтва "Адвакацыя" Мікалаю Шараху аб скасаванні з сярэдзіны жніўня дамовы арэнды. У інфармацыйным лісце паведамляецца, што прычынай разрыву арэндных адносінаў стала змена ўласніка памяшканняў.

У выпадку, калі не будзе аредованае новае памяшканне, установа "Адвакацыя" парушыць умову рэгістрацыі – наяўнасць юрыдычнага адрасу ў нежылым памяшканні, і на гэтай падставе ўладамі будзе ліквідаванае.

У цяперашняй сітуацыі, калі ідзе дэклараваная ўладамі "зачыстка" няўрадавых арганізацый, гэта можа азначаць, што полацкая праваабарончая арганізацыя неўзабаве перастане існаваць у якасці юрыдычнай асобы.

"Калі ўсе падаткі сплачаныя, тады установу можна ліквідаваць, пазбавіўшы яе юрыдычнага адрасу", – публічна пракаментаваў сітуацыю дырэктар "Адвакацыі” Мікола Шарах.

Можна меркаваць, што ніякая камерцыйная і тым больш дзяржаўная арганізацыя ў Полацку не возьме на сябе смеласць даць праваабарончай арганізацыі юрыдычны адрас, стаўшы ў апазіцыю да памкненняў ўладаў знішчыць незалежны "трэці сектар".

Ці так гэта, дазнаемся пасля 15 жніўня, калі скончыцца тэрмін арэнды.

Віталь Кажух